ПРАЦЯГВАЕЦЦА АСЕННЕ ЗІМОВЫ СЕЗОН ПАЛЯВАННЯ



Па паляўнічых пуцёўках на андатру, норку амерыканскую -- з 1 кастрычніка па 31 студзеня ў светлы час сутак. Спосаб палявання – ружэйны, у тым ліку з паляўнічымі сабакамі, з падыходу, з засады, безружэйны, у тым ліку з паляўнічымі сабакамі. Дазволена выкарыстоўваць гладкаствольную паляўнічую зброю з выкарыстаннем патронаў, зараджаных шротам, пасткі №0-3, пасткі (акрамя петляў), паляўнічых сабак: тэр’еры, таксы, лайкі, шпіцы і прымітыўныя пароды, выжлы, спаніэлі, рэтрыверы, водныя сабакі.

На паляўнічых жывёлін нарміраваных відаў па разавых дазволах на здабычу паляўнічай жывёлы і паляўнічых пуцёўках да іх: на лася, аленя высакароднага, казулю еўрапейскую, аленя плямістага з 1 кастрычніка па 30 снежня, з загонам і з сабакамі – у светлы час сутак, з засады і з падыходу – на працягу сутак. Да здабычы дазволены жывёлы любога полу і ўзросту. Спосаб палявання – ружэйны з засады, з падыходу.

На бабра рачнога і выдру рачную -- з 1 верасня па 31 студзеня ў светлы час сутак, спосаб палявання -- ружэйны, у тым ліку з паляўнічымі сабакамі, з падыходу, з засады, безружэйны, у тым ліку з паляўнічымі сабакамі.

Пры паляванні дазволена здабыча дзікіх жывёлін непажаданых відаў – ваўка, лісіцы звычайнай, сабакі янотападобнай, баклана вялікага, чаплі шэрай, вароны шэрай, сарокі. Пры гэтым дазволена выкарыстоўваць віды і прылады палявання, дазволеныя на віды жывёлін, указаных у паляўнічай пуцёўцы.
Напамінаем паляўнічым: грамадзяне могуць праводзіць паляванне пры наяўнасці дзеючага дзяржаўнага пасведчання на права палявання, дазволу органаў унутраных спраў на захоўванне і нашэнне паляўнічай зброі пры паляванні з яго выкарыстаннем, паляўнічай пуцёўкі ці разавага дазволу на здабычу паляўнічых жывёлін і паляўнічай пуцёўкі да яго.

З 15 кастрычніка ў Беларусі забаронена здабыча рака вузкапалага, якая будзе дзейнічаць да 15 ліпеня ўключна.
Дзейнасць гэтага перыяду абумоўлена асаблівасцямі віду: самка рака выношвае ікру больш за паўгода.

За незаконную лоўлю рака вузкапалага ў перыяд забароны парушальнікам прыйдзецца кампенсаваць шкоду, якую нанеслі прыродзе ў трохкратным памеры: 1,5 базавай велічыні за кожную асобіну. Таксама парушальнікам пагражае штраф -- ад 10 да 50 базавых велічыняў, а пры нанясенні шкоды ў буйным памеры (ад 40 базавых велічыняў) -- крымінальная адказнасць. Акрамя рака вузкапалага, у вадаёмах Беларусі жыве і другі від -- рак шырокапалы. Ён занесены ў Чырвоную кнігу і ў выпадку вылоўлівання павінен быць выпушчаны ў вадаём у жывым выглядзе.

З 2 лістапада будзе адкрыты самы масавы, зімовы сезон палявання на паляўнічых жывёлін, якія не адносяцца да нарміраваных відаў, па паляўнічых пуцёўках: зайца-беляка, зайца-русака з першай суботы лістапада па апошнюю нядзелю студзеня ў светлы час сутак. Спосабы палявання -- ружэйны, у тым ліку з паляўнічымі сабакамі, з падыходу, з засады, загонам і безружэйны. Пры ружэйным спосабе палявання дазволена выкарыстоўваць гладкаствольную паляўнічую зброю з выкарыстаннем патронаў, зараджаных шротам, паляўнічых сабак усіх груп. Пры безружэйным спосабе палявання дазволена выкарыстоўваць хартоў і лоўчых птушак.

На вавёрку звычайную, гарнастая, куніцу лясную, куніцу каменную, тхара ляснога з першай суботы лістапада па апошнюю нядзелю студзеня, у светлы час сутак. Спосаб палявання -- ружэйны з падыходу, у тым ліку з паляўнічымі сабакамі. Дазволена выкарыстоўваць паляўнічую зброю калібра 5,6 мм з дульнай энергіяй кулі да 1500 джоўляў і гладкаствольную паляўнічую зброю з выкарыстаннем патронаў, зараджаных шротам, паляўнічых сабак усіх груп.
У сувязі з існуючымі фактамі парушэнняў Правілаў вядзення паляўнічай і рыбалоўнай гаспадаркі, з мэтай хуткага і аператыўнага рэагавання па затрыманні правапарушальнікаў у Слонімскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету кругласутачна працуе тэлефон "Гарачай лініі" 8-01562-2-48-64, па якім можна паведаміць аб вядомых парушэннях у галіне аховы і выкарыстання жывёлаў, якія адносяцца да аб'ектаў палявання і рыбалоўства, а таксама драўнінна-хмызняковай расліннасці і дзікарослых раслін, якія выкарыстоўваюцца ў нарыхтоўчых мэтах у паляўнічых, рыбалоўных угоддзях, на асабліва ахоўваемых тэрыторыях. У зону адказнасці інспекцыі ўваходзяць Слонімскі, Дзятлаўскі і Зельвенскі раёны. Ананімнасць атрыманай інфармацыі гарантуецца.

Г. ШЛЫКОВІЧ, начальнік Слонімскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/