ПРАСІЛІ НАЛАДЗІЦЬ ПАДАЧУ ВАДЫ



У ліпені 2013 года ў Дзятлаўскім раёне праходзіў Адзіны дзень інфармавання. Былі зададзены шэсць пытанняў, на якія кіраўнікі раённых службаў далі адказы і тлумачэнні.

На просьбу аб неабходнасці газіфікацыі вёскі Хадзяўляны было дадзена тлумачэнне дырэктара ВУ “Дзятлаварайгаз” У. А. Сіняка: згодна з рашэннем Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, у 2013 годзе запланавана падрыхтаваць праектна-каштарысную дакументацыю на газіфікацыю жыллёвага фонду вёскі Хадзяўляны.

На просьбу пашырыць асартымент мясной прадукцыі ў гандлёвай сетцы г. Дзятлава і раёна за кошт прадукцыі каўбаснага цэха СВК “Слава працы” Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства адказаў, што на адрас СВК “Слава працы” была адпраўлена заяўка на завоз мясной прадукцыі мясаперапрацоўчага цэха СВК.
Спецыялісты цэха паведамілі, што мясная прадукцыя будзе пастаўляцца ў гандлёвую сетку філіяла па аўторках.

Жыхары верхніх паверхаў дамоў па вуліцы Навагрудскай дрэнна забяспечваюцца вадой.
На гэтую скаргу ў Дзятлаўскім РУП ЖКГ адказалі, што ў якасці крыніцы водазабеспячэння на водазаборы ў г. Дзятлаве ў свідравінах выкарыстоўваюцца падземныя воды. У працэсе эксплуатацыі зношваецца абсталяванне і падае дэбіт свідравінаў. Кіраўніцтва жыллёва-камунальнай гаспадаркі ўжо знайшло сродкі на бурэнне новай свідравіны замест той, якая выйшла са строю. Яе плануецца ўвесці ў дзеянне ў верасні-кастрычніку гэтага года. Таксама адшукваюцца сродкі на бурэнне ў 2014 годзе новай свідравіны ў раёне бальніцы. З увядзеннем у дзеянне гэтых свідравін праблем з водазабеспячэнне у г. Дзятлаве не будзе.

Жыхары дамоў №2 і №4 па вуліцы Дружбы ў аг. Жукоўшчына цікавіліся, ці будзе ў іх праводзіцца капітальны рамонт. У праўленні СВК “Жукоўшчына”, якому належаць гэтыя дамы, адказалі, што капітальны рамонт будзе зроблены ў 2014 годзе.

Паступіла просьба зрабіць пешаходны пераход у раёне перакрыжавання вуліц Чырвонаармейскай і Някрасава.
Ад ўпраўлення Дэпартамента “Белаўтадар” рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Гроднааўтадар” дарожна-эксплуатацыйнага ўпраўлення №56 на гэтае пытанне быў атрыманы адказ, што Праектам арганізацыі дарожнага руху ўладкаванне пешаходнага перахода на дадзеным участку дарогі не прадугледжана.

На пытанне, чаму не дзяжураць нарады міліцыі па вечарах на плошчы г. Дзятлава і ў г. п. Наваельня, начальнік аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама А. Жалнерчык патлумачыў: згодна з расстаноўкай на ахову грамадскага парадку на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна і г. Дзятлава наяўнасць нарадаў міліцыі ў вячэрні час на плошчы г. Дзятлава і г. п. Наваельня на кожны дзень не прадугледжана, бо такія службы, як патрульна-паставая або дарожна-патрульная ў нас адсутнічаюць. Аднак у выхадныя, святочныя дні пры ўскладненні абставінаў для забеспячэння аховы грамадскага парадку выстаўляюцца атрады з супрацоўнікаў іншых службаў аддзела ўнутраных спраў для патрулявання грамадскіх месцаў і месцаў масавага адпачынку грамадзян.

Аддзел ідэалагічнай работы райвыканкама

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/