ПРАЙШЛА АКЦЫЯ "СТОП -- СПАЙС!"



З 26 па 29 сакавіка ў Беларусі праходзіла рэспубліканская прафілактычная акцыя "Стоп -- спайс!". На тэрыторыі Дзятлаўшчыны ў яе межах адбыўся шэраг мерапрыемстваў, скіраваных на барацьбу з наркотыкамі і прапаганду здаровага ладу жыцця сярод падлеткаў і моладзі.

Так, 27 сакавіка праходзіла першынство па валейболе сярод сельскіх школьнікаў. А 28 сакавіка на тэматычную сустрэчу і турнір па настольным тэнісе на прызы РК ГА "БРСМ" былі запрошаны вучні гарадскіх школ і Дзятлаўскага дзіцячага дома, у тым ліку члены моладзевых атрадаў аховы правапарадку і школьнікі, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх.

На пачатку сустрэчы выступіў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама В. Петрукевіч. Віктар Віктаравіч расказаў падлеткам аб уплыве наркотыкаў на арганізм чалавека. Асабліва небяспечныя, па яго словах, сінтэтычныя наркотыкі, да якіх адносяцца "спайсы" і так званыя "маркі". Прывыканне адбываецца ўжо з першай дозы. За з'яўленне ў грамадскім месцы ў стане наркатычнага ап'янення законам прадугледжана адміністрацыйная адказнасць, а за захоўванне і распаўсюджанне -- крымінальная, з рэальным тэрмінам пазбаўлення волі.

Па сваім уздзеянні на чалавечы арганізм "спайс" у некалькі разоў мацнейшы за раслінныя наркотыкі. Ахвяры "шкоднага зелля" паведамляюць аб праблемах з памяццю, пастаяннай разгубленасці. Вынікам ужывання наркатычных сумесяў становіцца змяненне асобы падлетка, парушэнне яго псіхікі, у горшым выпадку -- смерць.

Прыкметы ўжывання наркотыкаў: расшыраныя або звужаныя зрачкі, пачырваненне вачэй, павышаная рухальная актыўнасць, рэзкія змены настрою, невыразная мова.

Але самае страшнае ў наркотыках тое, што нават пасля праходжання лячэння ад залежнасці, чалавек працягвае несці "груз былых памылак" праз усё сваё жыццё, бо некаторыя ўнутраныя органы ўжо ніколі не прыйдуць у норму, памылкі маладосці бацькоў могуць адбіцца і на здароўі будучых дзяцей.
Упэўніцца ў гэтым удзельнікі сустрэчы змаглі ў час прагляду дакументальнай стужкі аб нарказалежных. Яе стваральнікі паказалі "прозу жыцця" наркаманаў, іх нованароджаных нежыццяздольных дзяцей.

Пасля размовы падлеткі накіраваліся ў трэнажорную залу Дзятлаўскага дзіцячага дома, дзе паспрабавалі свае сілы ў турніры па тэнісе. Пераможцамі спаборніцтваў сталі гаспадары пляцоўкі Валерый Касьян, Сяргей Сідзікаў, Таццяна Мазайла -- першае, другое і трэцяе месцы адпаведна. Яны былі ўзнагароджаны граматамі і прызамі раённага камітэта ГА "БРСМ".

Напрыканцы мерапрыемства школьнікі атрымалі памяткі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і Дзятлаўскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі аб шкодзе наркотыкаў.

29 сакавіка, у апошні дзень рэспубліканскай акцыі "Стоп -- спайс!", на Дзятлаўшчыные прайшло міжведамаснае рэйдавае мерапрыемства з наведваннем месцаў збору моладзі. Праваахоўнікі і адказныя спецыялісты пабылі ў клубах і на дыскатэках, пракантралявалі, як праводзіць свой вольны час падрастаючае пакаленне.

Падрыхтавала да друку І. СТЫРНІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/