Прагулка "пад градусам"



Гэтаму падлетку надоўга запомніцца позняя вечаровая прагулка па цэнтральнаи плошчы Дзятлава. Здзейсніў ён яе ў стане алкагольнага ап'янення. "Градус" надаў юнаку смеласці і нахабства: ён моцна выкрыкваў нецензурную лаянку.

"Старанні" юнака былі заўважаны супрацоўнікамі міліцыі і як вынік — два пратаколы: за распіццё алкагольных напояў і за хуліганства. У дадатак да пратаколаў за "паспяховую" прагулку сына яго бацькі вымушаны заплаціць штраф.

На пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх "паспяховая" вечаровая прагулка прывяла і яшчэ аднаго падлетка. У кампаніі з сябрамі ён выпіў піва. Алкаголь аказаўся мацнейшы за юнака, які, стаміўшыся, прылёг на лавачку, дзе і быў заўважаны супрацоўнікамі міліцыі.

Цяпер за парушэнне сына яго бацькі заплацяць штраф у адну базавую велічыню. У колькі ж выльецца паўторнае парушэнне супрацьалкагольнага заканадаўства — непаўналетні хай падумае сам. Тым больш, як сведчаць яго педагогі, матэматыкай ён валодае на высокім узроўні.

А вось за тое, што двое непаўналетніх знаходзіліся на дыскатэцы ў пазаўрочны час, згодна з заканадаўствам штраф заплаціць дырэктар гэтай установы культуры.

А.ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/