Праграма кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Дзятлаўскай выбарчай акрузе №55 ЕРМАНТОВІЧА Леаніда Аляксеевіча



Дарагія сябры!

Найперш хачу падзякаваць усім, хто вылучылі мяне кандыдатам ў дэпутаты Парламента. Я шчыра ўдзячны вам, шаноўныя мае землякі, і спадзяюся, што ў час галасавання мяне падтрымаюць і іншыя выбаршчыкі.
Маё рашэнне ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах – вынік доўгага роздуму, рады з калегамі, абмеркавання ў коле сям’і і проста блізкіх людзей. Мы прыйшлі да высновы, што веданне жыцця, вопыт кіраўнічай працы, практыка вырашэння сацыяльных праблемаў можа прыдацца ў законатворчасці. Мне ўжо даводзілася аналізаваць праекты законаў, уносіць прапановы, што выцякалі з рэальнага жыцця, якія затым атрымлівалі адлюстраванне ў прынятых заканадаўчых актах.

Я вырас і пачаў працоўны шлях на Лідчыне. На маёй малой Радзіме жыве мая радня, сябры дзяцінства, знаёмыя. Таму мне вельмі блізкая гэта зямля, я ведаю мясцовыя традыцыі, адчуваю характар лідчан, знаёмы з праблемамі гэтага буйнога рэгіёна.

Больш, чым 20 гадоў жыцця я аддаў Дзятлаўшчыне, стаў тут кіраўніком, навучыўся няпростаму ўменню працаваць з людзьмі, не даваць пустых абяцанкаў, трымаць слова. Многія з вас памятаюць мяне па камсамольскаму юнацтву, па рабоце старшынёю Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў, намеснікам старшыні райвыканкама, калі вырашаў праблему пераадолення паследкаў Чарнобыльская аварыі, курыраваў пытанні сацыяльнага развіцця. У тыя цяжкія, пераломныя гады мы захавалі сацыяльную інфраструктуру і зрабілі крок наперад.

Сваю выбарчую кампанію я хачу пабудаваць пад лозунгам “Клопат пра чалавека – маё крэда і мая праца”.
Чаму гэта маё крэда?

Таму што лічу, што дзяржава ствараецца менавіта для таго, каб забяспечыць чалавеку нармальны лад жыцця, абараніць яго ад пагрозаў і небяспекаў, дапамагчы раскрыць здольнасці. Мне блізкая ідэя сацыяльнай дзяржавы, якой наша краіна імкнецца быць.

Чаму гэта мая праца?

Таму што па службоваму абавязку вырашаў і вырашаю пытанні, скіраваныя да паляпшэння жыцця людзей.
Гэта правільна, што мы захавалі дзяржаўную сістэму адукацыі, аховы здароўя, развіваем структуру сацыяльнай абароны. Разам з тым, у той жа ахове здароўя сёння ўжо бачны і пэўныя мінусы. Я маю намер, калі вы мяне выбераце, узняць у Парламенце пытанне пра павелічэнне ў сельскай мясцовасці колькасці ФАПаў, лік якіх мы неапраўдана зменшылі. Пажылыя людзі павінны мець магчымасць на месцы зрабіць патрэбны ўкол, пракансультавацца з медработнікам сярэдняга звяна.

З’яўляюся прыхільнікам аптымізацыі структуры органаў мясцовага кіравання, у той жа час лічу, што такія рэформы трэба праводзіць паступова, без кампанейшчыны і вельмі асцярожна. Улада павінна быць бліжэй да чалавека, і сельскі Савет заўсёды павінен быць у зоне дасягальнасці для кожнага, калі чалавеку трэба вырашыць якое-небудзь пытанне, папрасіць дапамогі.

У рэфармаванні пенсійнага заканадаўства я стаю на пазіцыях, што пенсія чалавека павінна адпавядаць яго рэальнаму працоўнаму ўкладу, а прыняты ў краіне ўзрост выхаду на пенсію трэба захаваць. У любым выпадку, права выбару трэба пакінуць чалавеку і толькі яму.

Па службоваму абавязку я займаюся пытаннямі кадравай палітыкі. Сёння ідзе змена пакаленняў. Лічу, што трэба даваць дарогу маладым, хоць галоўным крытэрыем павінен застацца прафесіяналізм.

Дарагія сябры!

Балатавацца ў парламент – гэта няпросты, хвалюючы экзамен для чалавека. Але маё рашэнне прайсці праз гэта выпрабаванне добра ўсвядомленае. За жыццё я зрабіў нямала канструктыўнага і адчуваю за сабою сілу для адказнай заканатворчай працы. Гэта дае надзею на вашу, шаноўныя землякі, падтрымку.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў – гэта не толькі заканадаўца. Ён прадстаўляе ў парламенце выбаршчыкаў сваёй акругі, і я абавязуюся дапамагаць людзям вырашаць іх надзённыя пытанні.

Жадаю вам, дарагія мае выбаршчыкі, моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту. Міру і дабра вашым сем’ям!

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/