ПРАФЕСІЯ "ПРЫЁМНЫЯ БАЦЬКІ"



На пачатку 2000 года ў жыццё некаторых сем'яў увайшло паняцце "прыёмнае бацькоўства". Гэты прынцыпова новы сацыяльна-сямейны інстытут і сёння выклікае шмат дыскусій як у спецыялістаў органаў аховы дзяцінства, якія ўдзельнічаюць у стварэнні прыёмных сем'яў, і саміх прыёмных бацькоў, так і ў шырокай грамадскасці. Што гэта -- "дзеці ў арэнду", дабрачыннасць і місіянерства за дзяржаўны кошт або магчымасць для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, жыць у сям'і? Паспрабуем разабрацца ў тонкасцях прыёмнага бацькоўства. Задача няпростая, бо злучыць мацярынства, бацькоўства з працоўнай дамовай і працоўнымі адносінамі па схеме "работнік" -- "наймальнік" дастаткова складана. Тым не менш, паспрабуем.

Прыёмная сям'я ствараецца рашэннем мясцовай выканаўчай і распарадчай улады, у аснове якой ляжыць заключэнне паміж "наймальнікам" і "работнікам" дзвюх дамоваў: тэрміновай працоўнай дамовы і дамовы аб перадачы дзіцяці на выхаванне. У выніку заключэння працоўнай дамовы прыёмная маці атрымлівае работу шляхам арганізацыі працоўнага месца на даму і заработную плату за свае паслугі па выхаванні прыёмнага дзіцяці. Як вынік заключэння дамовы аб перадачы дзіцяці на выхаванне ў прыёмную сям'ю, паміж прыёмнай маці і дзіцём узнікаюць праваадносіны па мадэлі "апякун" -- "падапечны". Значыць, прыёная маці -- гэта апякун дзіцяці-сіраты, які атрымлівае зарплату за выхаванне дзіцяці дома.

Грамадзянска-прававы стан прыёмных бацькоў поўнасцю акрэслены Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям'і (арт. 160-174 і інш.). Адрозненне прыёмных бацькоў ад усынаўляльнікаў у тым, што ўсынаўляльнік -- чалавек, які поўнасцю бярэ на сябе ўсе клопаты аб дзіцяці і яго будучыні, дае ўсыноўленаму сваё прозвішча, права на спадчыну і ўсё, што звязана з сямейнымі бестэрміновымі (назаўжды) адносінамі. А вось чалавек, які на тэрмін працоўнай дамовы выхоўвае дзіця, атрымліваючы зарплату за сваю работу, -- гэта "прыёмная маці, прыёмны бацька". Такія людзі рацыянальна і прафесійна займаюцца выхаваннем дзяцей, якія пазбаўлены родных сем'яў.

Прафесія прыёмнай маці, прыёмнага бацькі настолькі ж ганаровая, як настаўніка ў школе, выхавальніка ў дзіцячым садзе, работніка дзіцячага дома, інтэрната для дзяцей-сірот. Гэтыя прафесіі прасякнуты шчырай любоўю да дзяцей, павагай, непадробнай сямейнасцю. Узгадайце, дарагія бацькі, як часта мы, выхоўваючы і гадуючы дзяцей, мяняліся па аўтарытэтнасці з першай настаўніцай, настаўнікам-прадметнікам свайго дзіцяці... Называючы школу "другім домам" для дзяцей, мы падкрэсліваем ролю працаўнікоў-педагогаў у агульнай справе выхавання.

Выдатна, што ў нашай краіне знаходзяцца людзі, якія жадаюць на прафесійнай аснове дапамагчы сіраце, прыняўшы такое дзіця ў сваю сям'ю. Кожны дзень, пражыты непаўналетнім у сям'і, -- вялікая карысць для яго. Бо толькі тут малое навучыцца асновам паводзінаў, законам сям'і як аптымальнага спосабу чалавечага жыцця. Выхаванне ў сям'і навучыць, што неабходна працаваць, зарабляць грошы, а не выпрошваць іх, прыкрываючыся сваім сіроцкім статусам, што булкі не растуць на дрэвах, а вада ў чайніку, колькі яе ні кіпяці, не ператворыцца ў карычневы салодкі чай. Як навучыцца сачыць за сваім выглядам, быць уважлівым да іншых, жыць у гармоніі са светам -- усім гэтым дзеліцца з дзіцём прыёмная сям'я.

На Дзятлаўшчыне жывуць 9 прыёмных сем'яў, дзе выхоўваюцца 11 прыёмных дзяцей. І прыёмнае бацькоўства -- выдатная магчымасць для выхаванца інтэрнатнай установы набыць пазітыўны сямейны вопыт, жывучы ў замяшчальнай сям'і, дзе пануе дабрабыт.

Прыёмнае бацькоўства сацыяльна і эканамічна выгаднае для дзяржавы. Сацыяльная выгада зразумелая і заключаецца ў мінімізацы распаўсюджання сацыяльнага сіроцтва. Дзіця-сірата, выхаванае ў прыёмнай сям'і, будзе імкнуцца да сямейнага ладу жыцця, а не да прымітыўнага і безадказнага існавання па схеме "мяне кінулі, я нарадзіла (нарадзіў) -- кінула, дзяржава ўсіх выгадуе".

Эканамічная выгада таксама адчувальная, паколькі штомесячнае забеспячэнне дзіцяці ў інтэрнатнай установе значна даражэйшае для бюджэту дзяржавы, чым выплата штомесячнай дапамогі на дзіця ў прыёмнай сям'і і аплата працы прыёмных бацькоў. Таму і распрацавана ў рэспубліцы дзяржаўная праграма па закрыцці і рэарганізацыі інтэрнатных установаў для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Плануецца закрыць і Дзятлаўскі дзіцячы дом. У сувязі з гэтым у раёне ўзнікае неабходнасць утварэння новых прыёмных сем'яў і змяшчэння ў іх дзяцей-сірот.

Перад прыёмнай сям'ёй стаіць шэраг важных задач: выхоўваць і забяспечваць дзіця належным чынам, стварыць спрыяльныя ўмовы для яго развіцця, абараняць правы, падрыхтаваць да будучага самастойнага жыцця. Для іх выканання проста любіць дзяцей недастаткова, неабходна ўмець прафесійна выхоўваць асаблівых дзяцей, якіх адштурхнула родная сям'я, умець абараніць іх правы і інтарэсы ва ўсіх дзяржаўных органах, у тым ліку ў судзе. І толькі на першы погляд здаецца, што праца прыёмных бацькоў звычайная (сваіх пагадавалі, ведаем што і як). На самой справе яна патрабуе ведаў у сферы педагогікі, псіхалогіі, сямейнага права, юрыспрудэнцыі. Бо прыёмныя бацькі -- гэта апекуны, папячыцелі, законныя прадстаўнікі дзіцяці. Ад іх намаганняў у многім залежыць своечасовасць прадастаўлення дзіцяці дзяржаўных гарантый, ільготаў. Яны ад свайго імя вядуць усе справы непаўналетніх, але не маюць права перашкаджаць усынаўленню свайго выхаванца іншымі людзьмі.

Да прыёмнага бацькоўства кожны ідзе сваім шляхам. У Беларусі няма такога каледжа ці ВНУ, дзе рыхтавалі б спецыялістаў такога профілю. Варта спадзявацца, што гэта справа часу, бо ў краінах Заходняй Еўропы прыёмных бацькоў рыхтуюць у вучэбных установах па спецыяльнасцях "сацыяльны работнік", "дамашні выхавальнік". У нас нястачу адукацыі прыёмныя бацькі папаўняюць на курсах, якія сістэматычна арганізоўваюць установы павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі. Спецыялісты Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення -- абавязковыя ўдзельнікі такіх курсаў. Асноўная задача Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення -- сацыяльна-педагагічнае, псіхалагічнае і прававое кансультаванне кандыдатаў і прыёмных бацькоў. На базе сацыяльна-педагагічнага цэнтра г. Дзятлава функцыянуе метадычнае аб'яднанне прыёмных бацькоў і бацькоў-выхавальнікаў, клуб для замяшчальных бацькоў "Сямейны ачаг". Тут мы з прыёмнымі сем'ямі абмяркоўваем "складаныя" жыццёвыя выпадкі, падтрымліваем "зваротную сувязь".

Прафесія прыёмнай маці асаблівая. Унікальным чынам у ёй спалучаюцца прафесіяналізм, разважлівасць і бязмежная любоў да дзяцей. Разам з тым, кожная прыёмная сям'я ўнікальная: мае свой жыццёвы ўклад, стыль стасункаў і ўспрымання дзіцяча-дарослых адносінаў, звычаі і традыцыі. Радуе і тое, што з кожным годам расце колькасць прыёмных сем'яў. Значыць, для ўсё большай колькасці людзей імкненне дапамагчы дзіцяці, якое аказалася ў бядзе, становіцца прафесійнай справай.

Калі вас зацікавіў гэты артыкул, вы адчуваеце ў сабе сілы і маеце жаданне падарыць сямейнае цяпло дзіцяці, якое засталося без апекі бацькоў, па кансультацыю можаце звяртацца на адрас: г. Дзятлава, вул. Кутузава, 3, дзяржаўная ўстанова адукацыі "Сацыяльна-педагагічны цэнтр". Тэлефоны: 2-71-18, 6-02-95. Мы падкажам, як арганізаваць прыёмную сям'ю і выхаваць прыёмнае дзіця.

А. ЖЭГАЛІК, дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра г. Дзятлава

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/