ПРАЧНУЛІСЯ КЛЯШЧЫ



29 сакавіка ў Дзятлаўскім раёне зарэгістраваны першы чалавек, якога ўкусіў клешч: узбуджальніка небяспечнай хваробы свайму гаспадару ў дом "прынёс" кот.

У мінулым годзе з-за ўкуса кляшча па медыцынскую дапамогу звярнуліся 98 чалавек. Быў зарэгістраваны адзін выпадак клешчавога энцэфаліту, прычынай якога стала ўжыванне некіпячонага малака казы.

-- Гэта -- адна з галоўных прычынаў заражэння на клешчавы энцэфаліт, -- адзначае доктар-эпідэміёлаг Дзятлаўскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Мікалай Дзядовіч. -- Таму козаў пасвіць варта ля дома, а не ў лесе. А вось малако гэтых хатніх жывёлін трэба ўжываць толькі пасля кіпячэння.

-- А як увогуле засцерагчы сябе ад кляшчоў?
-- Па-першае, ідучы ў лес, трэба апранаць вопратку, якая максімальна закрывае цела. Абавязкова трэба надзяваць галаўны ўбор. Варта выкарыстоўваць і рэчывы, якія адпужваюць кляшчоў. "Контра", "Атас", "Таежны" , "Пікнікантыклешч" -- усе гэтыя сродкі можна набыць у аптэках раёна.
Клешч можа перапаўзці на чалавека і ад хатніх жывёлаў, таму пасля прагулак іх абавязкова трэба правяраць.
А вось дачны або прысядзібны ўчастак можна абараніць ад кляшчоў, сеючы на яго межах шалфей, чабрэц. Таксама на тэрыторыі варта падтрымліваць чысціню.

-- Што рабіць, калі клешч усё ж такі ўкусіў?
-- Ад кляшча, які ўжо ўсмактаўся, пажадана пазбаўляцца ў медыцынскай установе. Калі рабіць гэта самастойна, то трэба ўлічваць наступнае: чым раней выдалены клешч, тым меншая рызыка ўзнікнення хваробы. Дастаць кляшча можна з дапамогай ніткі: яе звязваюць у пятлю, пасля "надзяваюць" на кляшча і асцярожна дастаюць яго. Пасля апрацоўваюць ранку ёдам або спіртам. Калі яны адсутнічаюць -- прамываюць вадой.

-- Мікалай Мікалаевіч, а як можна вызначыць, ці ўтрымлівае клешч узбуджальніка энцэфаліту або барэліёзу?
--- Пасля таго, як кляшча дасталі, пацярпелы абавязкова павінен звярнуцца да ўчастковага доктара для медыцынскага назірання і правядзення прафілактычнага лячэння. А вось ці ўтрымлівае клешч узбуджальнікаў небяспечных хваробаў, вызначыць можна ў Лідскім занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Установа размешчана па адрасе: г. Ліда, вуліца Чарняхоўскага, 1. Час работы цэнтра -- з 8 да 17 гадзін у рабочыя дні, з 9 да 16 гадзін -- у суботу. Кошт аднаго даследавання на наяўнасць узбуджальнікаў -- 44500 рублёў. Для замежных грамадзян працэдура каштуе 133700 рублёў.

Бясплатна могуць зрабіць даследаванне дзеці ва ўзросце да 18 гадоў, цяжарныя жанчыны, інваліды 1-2 групаў, ветэраны і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны пры ўмове, што клешч быў зняты ў медыцынскай установе, ёсць накіраванне на бланку зацверджанай формы.

А.ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/