ПРА ЗМЕНЫ Ў НАЗНАЧЭННІ ДАПАМОГ ПА ЧАСОВАЙ НЕПРАЦАЗДОЛЬНАСЦІ



З 11 ліпеня 2013 года ўступіла ў сілу пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28.06.2013 №569, якая зацвердзіла Палажэнне аб парадку забеспячэння дапамогамі па часовай непрацаздольнасці і па цяжарнасці і родах (далей -- Палажэнне).

У адпаведнасці з дадзеным Палажэннем дапамога па часовай непрацаздольнасці падлічваецца ў каляндарных днях з заработку за 6 каляндарных месяцаў, што папярэднічаюць месяцу надыходу часовай непрацаздольнасці (далей – разліковы перыяд). Работнікам, якія не маюць у разліковым перыядзе заработку ў наймальніка або маюць заработак не менш, чым за каляндарны месяц, дапамога па часовай непрацаздольнасці налічваецца з тарыфнай стаўкі (аклада) без надбавак і павышэнняў.

Дапамога па часовай непрацаздольнасці назначаецца ў памеры 80% за першыя 12 каляндарных дзён непрацаздольнасці і ў памеры 100% за наступныя дні. Дапамога ў сувязі з захворваннем або траўмай, прычынай якіх з’явілася ўжыванне алкаголю, за першыя 6 каляндарных дзён не назначаецца, а далей выплачваецца ў палове памеру.

Новым Палажэннем прадугледжаны таксама мінімальны памер дапамогі па часовай непрацаздольнасці, які складае ў месяц 50% бюджэту пражытачнага мінімуму. Так, асобам, за якіх абавязковыя страхавыя ўзносы за ўсю іх працоўную дзейнасць уплачваліся менш, чым за 6 месяцаў да надыходу часовай непрацаздольнасці, дапамога назначаецца ў мінімальным памеры.

Неабходна адзначыць, што калі перыяд вызвалення ад работы надышоў да ўступлення ў сілу дадзенай пастановы, гэта значыць да 11 ліпеня 2013 года, то пры налічэнні дапамог па часовай непрацаздольнасці прымяняюцца нормы Палажэння, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30.09.1997 №1290.

Змяненне парадку назначэння дапамог па часовай непрацаздольнасці патрабуе ўнясення змяненняў у форму бланка лістка непрацаздольнасці.
Прапановы Фонду па ўнясенні ў форму бланка лістка непрацаздольнасці накіраваны ў Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Да зацвярджэння новай формы бланка лістка непрацаздольнасці прапануем выкарыстоўваць у рабоце наступныя рэкамендацыі па запаўненні зваротнага боку лістка непрацаздольнасці:

1. Радок “Выходные дни за период нетрудоспособности” не запаўняць.

2. У радках “Особые отметки” ўказваць дату звароту па дапамогу і дату назначэння дапамогі (за выключэннем выпадкаў, калі дапамога назначана камісіяй плацельшчыка па назначэнні дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей і дапамог па часовай непрацаздольнасці).

3. Пры запаўненні ўручную раздзелаў лістка непрнацаздольнасці “Справка о заработной плате” і “Причитается пособие”, неабходную інфармацыю, для якой не хапіла радкоў у дадзеных раздзелах, размяшчаць на наяўным свабодным месцы на палях зваротнага боку бланка.

Па дадатковую інфармацыю неабходна звяртацца ў Дзятлаўскі раённы аддзел Гродзенскага абласнога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва па адрасе: г. Дзятлава, вул. Чывонаармейская, д. 5а або па тэлефонах: 2-12-72, 2-63-97.

М. ЖЫДКО, начальнік раённага аддзела Фонду сацыяльнай абороны насельніцтва

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/