Пра зелень



Ўсе любуюцца полем —
Рунь пакрыла загоны.
Кожны скажа: быць з хлебам,
Раз палетак зялёны.

Гарачынь. Ля дарогі
I бярозкі, і клёны.
Адпачыць можна добра
Тут пад веццем зялёным.

Але ёсць яшчэ іншай
У нас шмат зеляніны,
I аб гэтым сягоння
Гаварыць я павінен.

...У сяле хлопец з роду
Не бываў аніколі.
I ні льну, ні пшаніцы
Ён не бачыў у полі.

Акадэмію скончыў,
Скончыў аспірантуру.
I цяпер... па сталіцы
Ён на «Волзе» ўжо турыць.

Піша, як сеяць лён,
Бярэ лічбы са столі.
А тым часам ужо
Лён квітнее у полі.

Пра такога мы кажам:
— Ат, які ён вучоны?
Чалавек проста ён
У навуцы зялёны.

...Есць у вёсцы «селькор».
Ў пяць рэдакцый ён піша.
I няма ад яго
У калгасе зацішша:

«Той — гультай, абібок,
Той — на працы спявае».
Усю вёску ужо
Гэты хлопец аблаяў.

Працаваць ён не йдзе,
Спіць сабе, загарае.
А нашто працаваць,
Раз ідуць ганарары?

I пытаюць дзядзькі
У свайго паштальёна:
— Што ж там сёння наплёў
Наш пісака зялёны?

...Многа, многа яшчэ
Гэткай ёсць «зеляніны»,
I заўжды з ёй, сябры,
Мы змагацца павінны.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/