ПРА РАМЕСНІЦКУЮ ДЗЕЙНАСЦЬ



Яшчэ ў мінулыя часы значнае развіццё ў Беларусі атрымалі мастацкія промыслы: кераміка, ткацтва, вышыўка і многае іншае. Аднак у нашы дні народным майстрам неабходна захоўваць шэраг умоваў, каб быць прызнанымі рамеснікамі згодна з дзеючым заканадаўствам.

У адпаведнасці з указам № 225 пад рамесніцкай дзейнасцю трэба разумець дзейнасць фізічных асобаў па вырабе і рэалізацыі тавараў, выкананні работ, аказанні паслугаў з прымяненнем ручной працы і інструмента, якая не з’яўляецца прадпрымальніцкай, ажыццяўляецца самастойна, без прыцягнення іншых фізічных асобаў па працоўных грамадзянска-прававых дагаворах, скіраваная на задавальненне побытавых патрэбаў грамадзян. Віды рамесніцкай дзейнасці, якімі могуць займацца фізічныя асобы па заяўным прынцыпе без дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў, пералічаны ў падпункце 1.2 пункта 1 указа № 225.

Асоба, якая жадае стаць рамеснікам, падае ў падатковы орган па месцы жыхарства заяву аб пастаноўцы на ўлік. Пастаноўка плацельшчыка на ўліку ў падатковым органе суправаджаецца прысваеннем яму ўліковага нумара плацельшчыка.

Фізічная асоба абавязана да пачатку рамесніцкай дзейнасці заплаціць збор за ажыццяўленне рамесніцкай дзейнасці, памер якога складае адну базавую велічыню ў каляндарны год, вызначаемую на момант яго ўплаты. На сёння базавая велічыня складае 150 тысяч рублёў. За кожны наступны каляндарны год аплата збору праводзіцца не пазней за 28 чысло наступнага месяца бягучага каляндарнага года. Такім чынам, у частцы даходаў, атрыманых ад ажыццяўлення рамесніцкай дзейнасці, фізічныя асобы вызваляюцца ад падаходнага падатку з фізічных асобаў. За парушэнне парадку ажыццяўлення рамесніцкай дзейнасці прадугледжаны штраф у памеры 5 базавых велічыняў.

Яшчэ адна важная дэталь, якую неабходна ўлічваць: рамеснікі абавязаны выконваць законныя патрабаванні кантралюючых (наглядных) органаў) і правяраючых, уключаючы патрабаванне аб прад’яўленні кнігі ўліку праверак. Набыць кнігі ўліку праверак можна ў пунктах рэалізацыі Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Інфармацыйна- выдавецкі цэнтр па падатках і зборах", выдавецтве “Белбланкавыд”, аддзяленнях паштовай сувязі.

Што тычыцца разлікаў пры рэалізацыі вырабаў, выкананых у рамках рамесніцкай дзейнасці, то ў фізічных асобаў-рамеснікаў няма абавязку выкарыстоўваць касавае абсталяванне і (ці) пацвярджаць прыём наяўных грашовых сродкаў іншым, прадугледжаным заканадаўствам, спосабам. Таксама дзеючае заканадаўства не абавязвае рамеснікаў мець у наяўнасці (у месцах рэалізацыі рамесніцкіх вырабаў) кнігу заўвагаў і прапановаў.

В. МАКСІМЧЫК, галоўны дзяржаўны падатковы інспектар Дзятлаўскай падатковай інспекцыі

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/