Попел на ветры




Рыта сядзела ў кватэры адна. Цішыню навокал парушаў толькі тэлевізар. Абыякава ўтаропіўшыся ў яго экран, жанчына націскала на пульт, пераключала каналы. Перад ёй адзін за адным, нібыта ў хроніцы, мільгалі чыесьці твары, з усмешкамі і не, сумныя і вясёлыя, надзіва прыгожыя і звычайныя.

Стаміўшыся ад "прагляду" тэлевізара, Рыта ледзь паднялася з канапы, павольна пераступаючы, падышла да люстэрка. Адтуль пазірала жанчына з заплаканым тварам, на якім "наліваўся" свежы кровападцёк. Правёўшы па твары рукамі, нібы ўдасканальваючыся, што гэта сапраўды яе твар, Рыта адышлася ад люстэрка. Глядзець на сябе такую не хапала сіл.

Дашлэпаўшы, Рыта зноўку села на канапу. Узяла ў рукі фотаальбом, раскрыла яго наўзгад, спыніла позірк на фотаздымках. Гэта былі яе шлюбныя фотаздымкі. На адным з іх была выява дзяўчыны ў белым вэлюме, якая ўсміхалася, неяк нават трошкі ганарліва. А на другім — сумесная фатаграфія з Сяргеем, яе першым мужам. Фотаздымкі абудзілі ўспаміны, шмат успамінаў, а разам з імі тое, што было вельмі балюча прыгадваць.

Позірк Рыты спыніўся на твары Сяргея. Нават і на фотаздымку было відаць, з якім замілаваннем глядзеў ён на сваю маладую і прыгожую жонку. Жанчыну, якую ён па-сапраўднаму кахаў. А яна? А яна дазваляла сябе кахаць, не адкрываючы перад ім сваёй душы, не падпускаючы да сябе занадта блізка.

Рыце прыемна было адчуваць уладу над Сяргеем, бачыць, якім позіркам ён глядзіць на яе, адчуваць, як хвалюецца, калі яна падыходзіць побач. Гэта дзяўчына адразу ж заўважыла, яшчэ ў першы вечар іх сустрэчы.

Яны пазнаёміліся на дні нараджэння іх сумеснага знаёмага. Прыгожы юнак, сын інтэлігентных бацькоў, мара многіх дзяўчат, Сяргей зусім не ўсхваляваў Рыту. А вось яна адразу ж спадабалася хлопцу. Яна адчувала да яго сімпатыю і не болей. Усведамляючы гэта, Рыта тым не менш не адштурхнула хлопца, а наадварот, давала Сяргею спадзяванне, з цікавасцю назірала, як яго сімпатыя перарастае ў сур'ёзнае пачуццё. Спыніся яна тады, можа ўсё было б па-іншаму. Магчыма, тады Сяргей сустрэў бы іншую дзяўчыну, якая зрабіла б яго шчаслівым, адказала на яго пачуццё тым жа. Магчыма, і ў жыцці Рыты ўсё было б інакш. I не было б цяпер вось гэтых слёз, гэтага кровападцёку на твары, гэтай адзіноты і адчування сваёй нікчэмнасці, непатрэбнасці.

Нездарма ж кажуць, што чалавек — каваль свайго шчасця. I няшчасця таксама. Напэўна, справядлівая і прымаўка: "Пасееш учынак — пажнеш лёс", якой не раз павучала Рыту яе бабуля. Але прымаўка так і засталася прымаўкай, не дайшла да свядомасці ўнучкі, якая зрабіла свой самастойны выбар: усё ж такі выйшла замуж за Сяргея. Сумеснае жыццё пайшло сваёй чаргой. Змяняліся дні, месяцы, гады, такія падобныя адзін да аднаго, што часам Рыце станавілася нудна ад усяго гэтага. Ёй хацелася чагосьці большага, чым вось такое простае сямейнае шчасце. А яно сапраўды ў яе было. Як і да вяселля, Сяргей па-ранейшаму ахінаў сваю жонку пяшчотай і каханнем, клапаціўся пра яе. А гэта хутка ёй надакучыла, у адзін момант яна зразумела, што муж раздражняе яе. Злавіўшы сябе на гэтай думцы, Рыта тады палічыла, што гэта пройдзе, што гэта ўсяго толькі момант. Але не прайшло. Сітуацыя не змянілася і пасля нараджэння іх дзяцей — хлопчыка і дзяўчынкі.

Сяргей быў не толькі добры муж, але і добры бацька. Нярэдка ўставаў па начах, каб паглядзець, ці спяць малыя, нярэдка гатаваў ім сняданак.

Рыце патрэбны былі новыя адчуванні, нейкія прыдуманыя ёю каханне і рамантыка, тыя, пра якія пішацца ў кнігах. I ўжо хутка лёгкія флірты змянялі адзін аднаго. Былі познія вяртанні дахаты, якія яна тлумачыла Сяргею вялікай занятасцю на рабоце.

I вось аднойчы, як здалося Рыце, яна нарэшце сустрэла Яго, таго мужчыну, які адпавядаў яе прыдуманым ідэалам. Зусім хутка яна патанула ў моры свайго гарачага пачуцця, стала яго рабыняй.

Рыта змянілася, пахарашэла, спяшалася як мага хутчэй пайсці з дому, бо за вуглом яе чакала машына Колі. I не бянтэжыла Рыту, што яна - замужняя жанчына, маці дваіх дзяцей, што муж яе моцна кахае. Рыце ўсё здавалася такім простым. Жывучы, нібы ў тумане, яна забылася пра сваіх родных, блізкіх, дзяцей. Дачка і сын кожны вечар здзіўлена глядзелі на сваю маці, якая ў апошні час стала для іх амаль чужой жанчынай. А Сяргей, бачачы і разумеючы ўсю сітуацыю, па-ранейшаму працягваў кахаць сваю неразумную жонку, яшчэ больш стараўся клапаціцца пра сваіх дзяцей. I таму на прапанову Рыты развесціся згоды ён не даў.

Пагубнае каханне нібыта выпусціла зло, парадзіла дэманаў. Рыта пераступіла законы маралі чалавечай і Божай. "Не пралюбадзейнічай, не пажадай чужога мужа." Гэтыя словы для Рыты былі пустымі гукамі. Яна была поўнасцю ў палоне сваіх мараў, у якіх панаваў Коля. I яе не хвалявала, што ў яго таксама ёсць жонка і дачка. Коля абяцаў разыйсціся з імі. Як меркавала Рыта, яе шчасцю мяшаў толькі Сяргей. Усё часцей пачалі з'яўляцца думкі, якія яна старалася гнаць ад сябе, каб не дай Бог, іх хтосьці не падслухаў — настолькі яны былі страшныя.

Толькі вось гэтыя думкі немагчыма было стрымаць, яны маленькімі нябачнымі малаточкамі зноў і зноў стукаліся ў свядомасць Рыты. А хутка патаемныя жаданні сталі рэальнасцю. Неяк увечары Сяргея збіў аўтамабіль. У адзін момант абарвалася жыццё яшчэ маладога чалавека, бацькі дваіх дзяцей. А разам з ім адышло ў нябыт і тое каханне, якое душыла Рыту, раздражняла яе, не давала быць шчаслівай.

Даведаўшыся пра аварыю, Рыта спалохалася, ёй стала страшна. Яна лічыла сябе вінаватай у гэтым няшчасці. I ўжо стоячы ў царкве на памінальнай службе, яна ў думках прасіла прабачэння ў Сяргея...

Праз месяц Рыта пераехала жыць да Колі. Вось у гэтую кватэру, дзе цяпер яна сядзіць адна. А тады ёй здавалася, што, нарэшце, яна знайшла сваё шчасце. Жонка Колі дала яму развод, забрала дачку і пераехала жыць у іншы горад. Толькі перад самым ад'ез-дам, гледзячы Рыце ў вочы, яна сказала: "Мне цябе шкада..."

Жыццё пайшло сваёй чаргой. Толькі вось дзеці не ўспрымалі Колю, лічылі яго чужым. "У нас толькі адзін тата, — менавіта так адказаў сын, калі Рыта аднойчы папікнула яго халоднымі адносінамі да Колі. Абураная адказам, яна ўдарыла сваё дзіця.

А зусім хутка на небасхіле сямейнага шчасця пачалі з'яўляцца новыя хмары. Напэўна, гэта сабралася ўсё тое зло, прычынай якога стала сама Рыта і якое цяпер абрынулася на яе ж. Гэтыя стрэлы жалілі вельмі балюча. Мала таго, што дзеці так і не змаглі прыняць Колю як бацьку, ён таксама не стараўся зблізіцца з імі. Навошта? У яго была свая дачка. 3 ёй ён падтрымлі-ваў сувязь, дапамагаў матэрыяльна.

Непрыемным "сюрпрызам" стала і тое, што Коля стаў прыходзіць дахаты п'яны. Спачатку Рыта тлумачыла гэта мужавай стомленасцю на рабоце. Сапраўдны шок жанчына адчула і тады, калі ў парыве п'янай агрэсіі Коля ўдарыў яе.

А аднойчы муж не прыйшоў дахаты начаваць. Як высветлілася, у яго з'явілася новая жанчына. "Ты не можаш так са мной паступіць, не можаш,— крычала Рыта, калі даведалася пра гэта. А Коля, павярнуўшыся да яе, спакойна адказаў:"Але ты ж змагла. Што, забылася?"

Праз многія гады лёс ударыў Рыту "бумерангам". Яна стала ўсё часцей і часцей прыгадваць Сяргея, яго адданае каханне, яго клопат, пяшчоту. Усё гэта яна разбурыла сваімі ўласнымі рукамі, раскідала сваё шчасце, жыццё, як попел на ветры. Толькі вось разуменне гэтага прыйшло занадта позна.

...I цяпер Коля зноў у сваёй новай сяброўкі. Ён і сёння не прыйдзе дахаты начаваць. А напамінам пра мужа на тыдзень наперад стане вось гэты свежы кровападцёк.

3 невясёлымі думкамі Рыта паціхеньку заснула. Узялі верх стомленасць і боль. 3 рук жанчыны выпаў сямейны фотаальбом, на адной з фотакартак якога глядзела маладая прывабная жанчына ў вясельным вэлюме і з трошкі ганарлівай усмешкай на твары.

А.ДУБРОЎСКАЯ. "Перамога", №93

_____________________________________________________________________________________________________

Иногда в социальных сетях можно прочитать интересные высказывания и статусы. Стервозные статусы и пафосные статусы порой могут как рассмешить, так и заставить задуматься. Любые пафосные статусы вы можете найти на сайтах. Ну а если вы себя считаете неординарным человеком, то статусы для стерв вам подойдут.

Комментарии

Уражаны... с. Г.

Уражаны...
с. Г.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/