Помнім бацькоў сваіх



У другую (10 сакавіка), трэцюю (17 сакавіка) і чацвёртую суботу (24 сакавіка) Велікоднага посту ва ўсіх праваслаўных цэрквах праходзяць памінальныя бацькоўскія суботы.

Памінанне тых, хто ўжо адышоў у іншы свет, ляжыць у завяшчанні, якое загадвае памінаць нашых настаўнікаў. Паміраючы, чалавек не заўсёды паспявае прынесці годны плен пакаяння за свае грахі. Тым не менш, адплатай за грэх, па словах святога апостала Паўла, з'яўляецца смерць (Рым. 6:23).

Страшней за ўсё — смерць душы, якая ніколі не павінна была ўбачыць смерці, але добраахвотна пазбавіла сябе надзеі на вечную асалоду. Смерць пачынаецца тады, калі чалавек добраахвотна пазбаўляе сябе стасункаў з Богам.

Па вучэнні царквы, малітвы, якія здзяйсняюцца за спачылага, палягчаюць пасмяротную долю чалавека. Вядомы выпадкі, калі царква вымольвала з пекла душу памерлага. Вось чаму абавязак кожнага хрысціяніна не толькі пабываць у гэтыя дні на богаслужэнні, падаць запіску са спісам імёнаў спачылых, паспавядацца, прычасціцца, але здзяйсняць гэта ў памяць аб спачылых. Добра да ўсяго названага прыкласці і міласціну.

Няхай дапаможа Господзь па сваёй вялікай літасці здабыць вечны спачын тым, хто ўжо пакінуў гэты матэрыяльны свет!

Ігар ЗІНЧАНКА, бакалаўр багаслоўя

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/