ПІСЬМО ДЗЕДУ МАРОЗУ



“Дарагі дзядуля Мароз...” – выводзіць старанна дзіцячая ручка радкі з навагоднімі пажаданнямі і марамі. Новы год і Каляды – такая пара, калі і нам, дарослым, не шкодзіць паверыць у казку і крыху памарыць. Таму ў гэтыя перадсвяточныя дні даведаемся ў кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў раёна, што яны б папрасілі ў Дзядулі Мароза для сваёй арганізацыі і для сябе асабіста.

АЛЯКСАНДР ЛЯННЫ, начальнік Дзятлаўскага РУП “Праектнае архітэктурна-планіровачнае бюро”:
“Хачу, каб у будучым годзе ўсе забудовы нашага раёна былі толькі легальнымі і толькі па ўзгодненых праектах. Ну і, вядома, каб праекты замаўлялі ў нашым бюро. А галоўнае, каб заказаныя праекты своечасова аплачваліся. Тады будзе ўсё добра ў “Праектным архітэктурна-планіровачным бюро” і будзе добра ў раёне ў цэлым. А для сябе папрашу сямейнага шчасця, жончынай любові і каб дзеці раслі ды радавалі”.

ВОЛЬГА БАШКО, начальнік Дзятлаўскага ДРБУ-119:
“Папрашу ў Дзеда Мароза для ДРБУ-119, перш за ўсё, разумення людзей і суперажывання. Сітуацыі бываюць розныя, але ніхто не павінен забывацца, што ўсе мы людзі, і падтрымаць іншага бывае нашмат прасцей і прыемней, чым аблаяць ці пакрыўдзіць. Для работнікаў дарожнай галіны прашу лёгкай зімы, добрага надвор’я і ўдзячных аўтамабілістаў. Апроч таго, для сябе і ўсіх калегаў хочацца здароўя, вытрымкі і аптымізму”.

СЯРГЕЙ ПЫЛ, дырэктар прадстаўніцтва “Белдзяржстрах” па Дзятлаўскім раёне:
“Для арганізацыі папрашу добрых і пастаянных кліентаў. Для калектыву – веры ў сябе і поспехаў ва ўсіх пачынаннях. А таксама для ўсіх работнікаў страхавой службы, нашых кліентаў, жыхароў раёна, для родных, блізкіх і для сябе – моцнага здароўя і дабра ў сем’ях”.

АЛЯКСАНДР ШАЛЕСНЫ, дырэктар ТАА “Ізакам”:
“І для сябе, і для “Ізакама” папрашу Дзеда Мароза шмат работы ў наступным годзе. Увогуле ўсім трэба навучыцца цаніць работу і магчымасць зарабляць. Бо для нас, як і для многіх арганізацый, грунтоўны аб’ём работы азначае і стабільнасць, і добры настрой на будучы год ”.

АЛЯКСАНДР КІВУЛЯ, дырэктар ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”:
“Для нашай арганізацыі – а гэта каля 400 работнікаў Дзятлаўскага лясгаса – папрашу на будучы год здароўя і ўзаемаразумення. Бяспечнай работы, каб не было траўмаў ні на працы, ні дома. Таксама – зладжанасці і згуртаванасці ў працы: каб працоўны “воз” цягнулі не як у байцы, не кожны ў свой бок, а ўсе разам у адным кірунку. Тады ўсё атрымаецца. Каб кожны, як у аркестры, ведаў свае “ноткі”, ну, а я пастараюся быць добрым дырыжорам. А для сябе асабіста – сіл, энергіі і, вядома, здароўя”.

СВЯТЛАНА УС, загадчыца Дзіцячага яслі-сада №2 Дзятлава:
“Для дзяцей самае вялікае свята – новыя цацкі і гульні. Таму няхай нашаму садку ў новым годзе Дзядуля Мароз прынясе новыя цікавыя і карысныя цацкі і новае гульнёвае абсталяванне ў групах і на тэрыторыі садка. Каб усе абяцанні, якія даваліся ў сценах нашай установы адукацыі, былі споўненыя. А мне як загадчыцы садка – цярпення, удачы, здароўя, добрых працоўных кадраў і... можна камп’ютар у кабінет”.

СЯРГЕЙ ЛУНЯ, дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ:
“Для нашай арганізацыі папрашу, каб у наступным годзе добры зімовы чараўнік прынёс гораду Дзятлава і раёну добрыя інвестыцыі ў жыллёва-камунальную гаспадарку. На заканчэнне рамонту па Кастрычніцкай, на рамонт вуліц Фогеля, Леніна ў райцэнтры. Каб Дзятлаўскае РКП ЖКГ стала нарэшце не ратаўніком, які штодзень вырашае надзвычайныя сітуацыі, а працавала планамерна. Яшчэ хацелася б, каб у Дзятлаве калі-небудзь правялі абласное свята “Дажынкі”. А сабе жадаю, каб усё сказанае вышэй спраўдзілася і я стаў сведкам гэтых падзей”.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/