Першы снег



Першы снег
На апошняе лісце таполяў
Прымасціўся, калматы,
Галінкі сагнуў.

I маленькім таполям
Нясцерпна ад болю:
Ім бы лета цяпер,
Ім бы зноўку вясну.

А снег падае, падае,
Валіцца з неба.
А галінкі — ніжэй
I ніжэй да зямлі.

Дрэўцам кволым
У скверыку выстаяць трэба.
Іх жа тут пасадзілі,
Каб вечна раслі.

Вечарэла. Ішоў
Каля сквера рабочы,
Мабыць, з працы,
Бо стомлена неяк ступаў.

Крокі сцішыў,
Узняў да таполяў ён вочы,
Азірнуўся навокал
I стаў.

Падышоў да таполі,
Крануў паціхеньку —
I пасыпаўся снег
На спіну, за каўнер.

I да новага дрэўца
Ідзе памаленьку.
А падыдзе — зноў ціха
Яго страсяне.

Абышоў увесь сквер
Чалавек невядомы.
Шапку потым абтрос,
На гадзіннік зірнуў.

...Недзе жонка
Даўно ўжо чакае дадому,
Чалавеку ж карціць
Шчэ пагладзіць
Тапольку адну.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/