ПЕРШЫ РАЗ – У ЛЯСГАС



“Маладым у нас паўсюль дарога...” – даводзіць хіт савецкіх часоў. А ў раённай лясной гаспадарцы маладым спецыялістам дарога, як правіла, бліжэй да лесу. Яны працаўладкоўваюцца ў адным з лясніцтваў Дзятлаўскага лясгаса, каб на практыцы паказаць, ці старанна “грызлі” дрэва навукі. Сяргей Пятліцкі, які працуе памочнікам ляснічага ў Лявонавіцкім лясніцтве другі год, як спецыяліст паспеў ужо станоўча зарэкамендаваць сябе.

Сяргей Сяргеевіч нарадзіўся ў суседнім з намі горадзе Слоніме. А на Дзятлаўшчыну прыехаў толькі ў 2012-м пасля заканчэння факультэта лясной гаспадаркі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.

-- Па размеркаванні, – коратка адказвае ён на амаль рытарычнае пытанне аб прычыне свайго прыезду ў Дзятлаўскі лясгас.

І ў працяг расповеду аб марах і мэтах называе прычыны атрымання менавіта лясной адукацыі. Па заканчэнні школы на цэнтралізаваным тэсціраванні Сяргей Пятліцкі здаваў прадмет, які добра ведаў, – хімію. А затым рабіў выбар факультэта з гэтым профілем.

-- З хіміяй у тэхналагічным універсітэце можна было ісці на харчовую або лёгкую прамысловасць, што мяркуе сабой працу на заводзе, якая мяне не вабіла. Іншая справа – лес...

Аматар невялікіх гарадоў, Сяргей Пятліцкі аднак атрымаў першае месца працы ў сельскай мясцовасці. У Лявонавіцкім, самым невялікім у Дзятлаўскім лясгасе, лясніцтве ён пачаў працаваць адразу памочнікам ляснічага. Першы практычны вопыт атрымаў не толькі ад старэйшых калег, але і ад амаль такіх жа, толькі крыху “апераных”, мінулагодніх маладых спецыялістаў.

-- Наконт чаканняў і рэальнасці... ну, вядома, не вельмі супала, – згадвае малады спецыяліст першыя дні ў лясніцтве. – Меркаваў, што праца з лесам будзе прасцейшая, чым апынулася ў рэальнасці.

Асноўная “місія” маладога памочніка ляснічага – афармленне шматлікай дакументацыі па розных напрамках дзейнасці лясніцтва. А яшчэ вясной – пасадка лясных культур і догляд за імі, усё лета – іх ахова. Таксама – падрыхтоўка лесасек будучага года, кантроль за высечкамі і, зноў жа, афармленне папераў.
Цяпер, калі ўжо і вопыту хапае, і практычная база ёсць, а двухгадовы тэрмін “адпрацоўкі” плаўна, але непазбежна набліжаецца да завяршэння, паўстае пытанне выбару: заставацца на Дзятлаўшчыне або шукаць лепшай долі. Тут Сяргей Пятліцкі ацэньвае ўсе магчымыя варыянты, але пакуль не спяшаецца збіраць чамаданы. А пра выбар лясной прафесіі кажа адназначна:
-- Выбіраючы работу з лесам, самі для сябе высветліце, ці ляжыць у вас душа да такой дзейнасці, ці гатовыя вы ўсур’ёз прысвяціць сябе лясной гаспадарцы. Калі ёсць нейкія сумненні – лепш не ідзіце, бо тут здольныя працаваць толькі сапраўдныя патрыёты сваёй справы.

Н. АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/