ПЕРАДЗМЕННЫ МЕДАГЛЯД



У Беларусі спрошчана працэдура адхілення ад працы п’яных работнікаў

Новая рэдакцыя закона “Аб ахове працы” ўступіла ў сілу 25 студзеня 2014 года. Яна ўтрымлівае шэраг значных навацый:
-- заканадаўча замацаваны асноўныя кірункі дзяржаўнай палітыкі ў галіне аховы працы;
-- уведзены інстытут акрэдытацыі арганізацый, якія аказваюць паслугі ў сферы аховы працы;
-- вызначаны патрабаванні па ахове працы жанчын і непаўналетніх
-- і, што вельмі важна, устаноўлены абавязак наймальніка па правядзенні перадзменнага медыцынскага агляду альбо асведчання асобных катэгорый работнікаў, а таксама права правядзення такога асведчання.

Новаўвядзені рэгламентуюцца сумеснаю пастановаю Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і Міністэрства аховы здароўя №116/119 “Аб некаторых пытаннях правядзення перадзменнага (перад пачаткам працы, змены) медыцынскага агляду і асведчання работнікаў на прадмет знаходжання ў стане алкагольнага, наркатычнага ці таксічнага ап’янення”.

Аналіз вытворчага траўматызму са смяротным зыходам у арганізацыях краіны паказаў, што адной з асноўных прычын гібелі работнікаў з’яўляецца п’янства на вытворчасці і невыкананне патрабванняў Дырэктывы №1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”. Удзельная вага работнікаў, якія знаходзіліся ў момант гібелі ў стане алкагольнага ап’янення, зменшылася з 26 працэнтаў у 2012 годзе да 20,8 працэнта ў 2013 (у 2008 годзе – 44,2 працэнта). За находжанне ў рабочы час на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап’янення прадугледжана працягненне работніка да дысцыплінарнай (безумоўнае скасаванне кантракта) і адміністрацыйнай адказнасці. У мінулым годзе з гэтых падставаў звольнены 6 тысяч 321 работнік і аштрафаваны 10 тысяч 522 работнікі.

Да цяперашняга часу заканадаўствам былі прадугледжанцы перыядычныя медыцынскія агляды некаторых катэгорый работнікаў, якія мелі за мэту асведчанне работніка з рэгулярнасцю, што ўстаноўлена заканадаўствам (ад паўгода да некалькіх гадоў) з улікам выконваемай работы ці асяроддзя, у якім работнік выконвае свае абавязкі. Разам з тым па асобных відах работ патрэбна больш частае вызначэнне стану здароўя і прыгоднасці работніка непасрэдна перад кожным допускам да працоўнай функцыі (напрыклад, да кіравання ўнутрызаводскім транспартам, да работы з крыніцаю павышанай небяспекі).

У дадатак да раней прадугледжаных відаў медыцынскіх аглядаў устанаўліваецца, што занятыя на работах з павышанай небяспекаю праходзяць перадзменны медагляд альбо асведчанне на прадмет знаходжання ў стане алкагольнага, наркатычнага ці таксічнага ап’янення. Адмова работніка ад праходжання такога медагляду альбо асведчання з’яўляецца парушэннем працоўнай дысцыпліны і падставаю для адхілення ад работы.

Працадаўца мае права заключыць дагавор на правядзенне медагляду ці асведчання з арганізацыяй аховы здароўя, іншай арганізацыяй, якая мае спецыяльны дазвол (ліцэнзію). Працадаўцы таксама дадзена права самастойна арганізаваць правядзенне медыцынскага агляду альбо асведчання.
Наймальнік абавязаны не дапускаць да работы, адхіляць ад работы ці выканання паслугаў работніка, які з’явіўся на працу ў стане алкагольнага ап’янення. Знаходжанне работніка ў стане алкагольнага ап’янення – гэта парушэнне заканадаўства аб ахове працы, якое вымагае патрэбу прыняцця безумоўных і неадкладных мераў адпаведна дырэктывы №1. Пастанова № 116/119 утрымлівае новую норму, якая прадугледжвае права працадаўцы праводзіць такое асведчанне работнікаў у выпадках, калі ў дачыненні іх маюцца дастатковыя падставы лічыць, што яны п’яныя.

Дакументам вызначаны дакладны пералік падставаў, дастатковых для таго, каб лічыць, што работнік знаходзіцца ў стане ап’янення – гэта наяўнасць адначасова трох і больш прыкмет ап’янення: пах алкаголю з роту, парушэнне маўлення, цяжкасці пры захаванні раўнавагі ды іншыя.

Гэта норма скіравана да спрашчэння працэдуры адхілення ад работы, прыняцця мераў дысцыплінарнага спагнання ў выпадку ўжывання работнікам алкаголю, наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных ці іншых адурманьваючых рэчываў.

Прадугледжаны механізм, паводле якога ў выпадку выяўлення ў работніка стану ап’янення правядзенне лабараторных даследаванняў не патрабуецца, а падставаю для адхілення ад работы з’яўляецца акт, складзены працадаўцам, у якім фіксуюцца ўсе дзеянні асобаў, выкарыстаныя прыборы (экспрэс-тэсты) і іх паказанні.

У пастанове №116/119 замацавана норма, якая дае права працадаўцу арганізаваць правядзенне асведчання работнікаў на прадмет знаходжання ў стане ап’янення з выкарыстаннем прыбораў, прызначаных для вызначэння канцэнтрацыі пароў абсалютнага этылавага спірту ў выдыхаемым паветры, якія адпавядаюць патрабванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў, і (альбо) экспрэс-тэстаў (тэст-палосак, экспрэс-пласцін). Дадзена вызначэнне стану алкагольнага ап’янення – наяўнасць канцэнтрацыі алкаголю ў крыві 0,3 праміле. Гэта дазволіць дакладна дыферэнцыраваць наяўнасць алкагольнага ап’янення, хоць клінічныя сімптомы ў работніка знешне могуць і не праяўляцца.

Пералік работ (прафесій), пры выканнні якіх патрэбны перадзменны медагляд альбо асведчанне работнікаў на прадмет знаходжання ў стане алкагольнага, наркатычнага ці таксічнага ап’янення, сфарміраваны з улікам прапановаў рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных ураду.

Да відаў работ з павышанай небяспекай, пры выкананні якіх патрэбны перадзменны медыцынскі агляд альбо асведчанне, аднесены віды работ, пры выкананні якіх некарэктныя дзеянні работніка, які знаходзіцца ў стане алкагольнага (наркатычнага, таксічнага) ап’янення, могуць прывесці да гібелі альбо траўміравання навакольных.

Факты правядзення медагляду і асведчання павінны фіксавацца ў журналах. Тэрмін іх захоўвання вызначаны, зыходзячы з права грамадзян падаваць скаргі на працягу трох гадоў з дня, калі яны даведаліся ці павінны былі даведацца пра парушэнне іх правоў, свабод і (альбо) законных інтарэсаў. Пры гэтым дзеля змяншэння дакументаабароту на папяровых носьбітах, а таксама для аптымізацыі колькасці часу, трачанага на фіксацыю фактаў правядзення медагляду і асведчання, прадугледжана права працадаўцы весці журналы ў электронным выглядзе.

Рэалізацыя пастановы №116/119, што рэгламентуе абавязак працадаўцы выявіць да пачатку працоўнага дня (змены) работнікаў, якія з’явіліся ў стане ап’янення, а таксама права правесці асведчанне ў перыяд выканання работ, дазволіць істотна зменшыць узровень траўматызму і гібелі на вытворчасці.

С. ЛАТУШКА, галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/