ПАВОДКА: БУДЗЬЦЕ АСЦЯРОЖНЫЯ



Хутка пачнецца паводка, таму грамадзянам, якія жывуць у прыватным сектары і дзе ёсць верагоднасць падтаплення, неабходна падрыхтавацца да магчымых наступстваў. Ім неабходна ачысціць канавы ад снегу і наледзі, каб хутчэй сыходзіла вада; паклапаціцца аб месцах магчымай эвакуацыі і страхаванні маёмасці.

Пры наяўнасці лодак, камер, бярвёнаў, пустых пластыкавых бутэлек змайстраваць з іх прымітыўныя плавальныя сродкі. Да прыбыцця дапамогі варта заставацца на верхніх паверхах, паддашках, дахах, дрэвах. Таксама неабходна падаваць сігналы ратаўнікам з дапамогай флагаў, святла ліхтара, факелаў.

Калі мясцовасць вядомая і глыбіня нязначная, можна ўпэўнена дайсці да сушы. Калі вада падыходзіць хутка, неабходна даць сігнал ратаўнікам, а пры іх адсутнасці перамяшчацца па вадзе вельмі павольна, пажадана прашчупваць глыбіню палкай.

Пасля сыходу вады, вярнуўшыся дахаты, неабходна захоўваць патрабаванні тэхнікі бяспекі: уваходзіць у будынак асцярожна; варта ўпэўніцца, што ён не пацярпеў і няма верагоднасці абвальвання сценаў і столі. Ні ў якім выпадку нельга ўключаць электрычнасць і запальваць агонь, бо магчымы выбух з-за ўцечкі газу. Неабходна прасушыць унутранае памяшканне, рэчы, прыбраць смецце.

Калі ваш дом трапляе ў зону затаплення, неабходна:

  • уважліва праслухаць інфармацыю, выканаць усе патрабаванні службы выратавання;
  • сабраць рэчы першай неабходнасці (дакументы, грошы, медыцынскую аптэчку, прадукты);
  • адключыць газ, электрычнасць і ваду;
  • патушыць агонь у печках, якія паляцца;
  • каштоўныя рэчы і мэблю перанесці на верхнія паверхі або паддашкі;
  • зачыніць вокны і дзверы; жывёлаў выпусціць з памяшканняў;
  • з падвалаў вынесці ўсё, што можа сапсавацца ад вады;
  • падрыхтавацца да эвакуацыі.

В. НЯЧАЕЎ, начальнік Дзятлаўскага РАНС

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/