ПАЦАЛУНАК З "ВОДАРАМ" ТЫТУНЮ



Дзяўчына ці жанчына, якая курыць, ужо нікога не здзіўляе. Гэта стала нормай. Як і тое, што ў продажы з'явіліся спецыяльныя жаночыя цыгарэты. Прыгожыя брэндавыя назвы, кампактныя ўпакоўкі нібыта падкрэсліваюць міф аб тым, што цыгарэты ў жаночай руцэ глядзяцца элегантна. Існуе і меркаванне наконт таго, што жаночыя цыгарэты больш бяспечныя для здароўя. Аднак...

-- Гэта зусім не так, -- адзначае фельчар-валеолаг Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Алена Крупенік. -- Памылковае меркаванне ўзнікла з-за таго, што жанчыны аддаюць перавагу цыгарэтам з ментолам: мяккі і лёгкі халадок асвяжае горла, пасля такіх цыгарэт застаецца прыемны смак у роце. Аднак ментол, хоць і маскіруе непрыемныя адчуванні пасля зацяжкі, пры гэтым раздражняе слізістую абалонку рота. Гэта ў сваю чаргу вядзе да расшырэння каранарных сасудаў і бронхаў. Такім чынам, усмоктванне ў кроў нікаціну і тытунёвых смолаў адбываецца хутчэй, чым пры курэнні звычайных цыгарэт.

Ёсць і яшчэ адзін негатыўны момант: пры курэнні цыгарэты з ментолам дыхальныя шляхі падвяргаюцца анэстэзіі, што садзейнічае больш глубокай зацяжцы. Дым яшчэ мацней уздзейнічае на лёгкія. Атрымліваецца, што ў аматарак ментолавых цыгарэт усмоктванне ў кроў нікаціну і іншых шкодных рэчываў адбываецца намнога хутчэй. А гэта ў сваю чаргу паскарае рызыку ўзнікнення такіх хваробаў, як хранічны бранхіт, эмфізэма, рак лёгкага.
Вучоныя высветлілі і тое, што людзям, якія кураць ментолавыя цыгарэты, пазбавіцца ад шкоднай звычкі намнога складаней, чым тым, хто курыць звычайныя цыгарэты.

Гэта -- медыцынскі погляд на праблему жаночага курэння. А як ставяцца да яго звычайныя людзі. Высветляем з дапамогай бліц-апытання.

Насця (22 гады):
-- Калі жанчына курыць, гэта не значыць, што яна кепскі чалавек. Я асуджаю толькі яе кепскую звычку.

Святлана (35 гадоў):
-- Я негатыўна стаўлюся да жанчын, якія кураць. Жанчына -- яна ж будучая маці. А калі курыць цяжарная жанчына... Атрымліваецца, яна наўмысна стварае негатыўныя ўмовы для развіцця свайго будучага дзіцяці. Медыкі сцвярджаюць, што ўжо праз некалькі хвілінаў пасля таго, як яго мама пакурыла, плод пачынае адчуваць ўдушша. Дзіця адчувае сябе нібы ў газавай камеры. Што тут можна яшчэ дадаць. А калі палічыць, колькі шкодных рэчываў трапляе ў арганізм жанчыны за ўвесь той час, які яна курыць, то ўзнікае пытанне, ці наогул можа яна быць маці?

Станіслаў (24 гады):
-- Адносіны да гэтай праблемы ў мяне даволі неаднабаковыя. Цяпер дзяўчына, якая курыць, -- гэта ўжо амаль што норма. Калі з дзяўчынай сустракаешся для баўлення часу, то я лічу, што дадзеную яе звычку пакурыць можна пацярпець. Аднак калі з дзяўчынай будуеш сур'ёзныя ўзаеамадносіны, мяркуеш, што яна ў далейшым стане жонкай, маці дзяцей, то лічу, што ў яе не павінна быць такой шкоднай звычкі, як курэнне.

Сяргей (22 гады):
-- Я стаўлюся да курэння негатыўна ўвогуле. А калі дзяўчына курыць -- непрыемна ўдвая. На інтуітыўным ўзроўні ў мяне гэта выклікае адчужэнне.

Аляксандр, (36 гадоў):
-- Я лічу, што першапачаткова жанчына не мае права курыць. Гэтая звычка псуе вобраз жанчыны ў вачах мужчыны, парушае яе жаноцкасць. Мне было непрыемна размаўляць з жанчынамі, якія кураць. Міжволі ўзнікае нейкі бар'ер. Магчыма, спрацоўвае стэрэатып: жанчына не павінна курыць, гэта кепска.

Н. СІНЯК, студэнтка ГрДУ імя Я. Купалы

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/