ПАСЛУХАЛІ ІНСТРУКТАЖ I ПААБЯЦАЛІ ВЫПРАВІЦЬ ПАМЫЛКІ



У рамках акцыі "За бяспеку разам" адбыўся сумесны рэйд Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і рэдакцыі газеты "Перамога". Таксама ўдзел у рэйдзе прыняла старшы інспектар аддзела па арганізацыі навучання насельніцтва і работнікаў цэнтра прапаганды і навучання пры Гродзенскім абласным упраўленні МНС А. С. Кавалёва.

Акцэнт ставіўся на праверку супрацьпажарнага стану жылля сацыяльна-ненадзейных сем'яў, людзей, якія злоўжываюць алкаголем, адзінокапражываючых пажылых грамадзян у вёсках Дзятлаўскага і Вензавецкага сельскіх Саветаў.

У доме састарэлай жыхаркі Савічаў паддашак быў закладзены сенам, што з'яўляецца парушэннем супрацьпажарнай бяспекі. Гэта і было патлумачана жанчыне. Крытыку яна ўспрыняла "да ўвагі", паабяцала ачысціць паддашак ад сена і пабяліць дымаход. На гэта жанчыне адведзены некалькі дзён.

На момант рэйду жыхарка вёскі Селівонкі была "пад градусам". Алкагольны напой яна распівала ў кампаніі мужчыны, які адмовіўся прадставіцца — хто ён і адкуль. Сама жанчына родам з Наваельні, а дом, дзе яна перыядычна жыве, належыць бабулі, якая на момант рэйду знаходзілася ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання для пажылых людзей і інвалідаў у Казлоўшчыне.

Нягледзячы на тое, што дом не належыць "квартарантцы", яна павінна выконваць правілы рэжымнага характеру. Аднак быў выяўлены шэраг парушэнняў — курэнне ў доме, прыгатаванне ежы на вогнішчы на адлегласці двух метраў ад дома, без спецыяльнага прыстасавання, у кладцы печкі існуюць трэшчыны, а над топкай і ўвогуле адсутнічае кафля. На жанчыну складзены адміністрацыйны пратакол.

Некалькі тыдняў таму было праведзена абследаванне дома жыхаркі вёскі Труханавічы. На момант праверкі жанчына была ў стане лёгкага алкагольнага ап'янення. Інфармацыя была накіравана ў АУС Дзятлаўскага райвыканкама аб правядзенні з грамадзянкай прафілактычнай работы. Былі выяўлены парушэнні і пажарнай бяспекі — недахопы ў пячным ацяпленні. Аднак высветліць, ці адрамантавала жанчына печку, у час цяперашняга рэйда не атрымалася: гаспадыні не было дома.

Мінулае абследаванне жылля сям'і, якая знаходзіцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, у вёсцы Пацаўшчына высветліла недахопы ў пажарнай бяспецы: у адным з пакояў разетка не была замацавана. Праблему з разеткай жанчына вырашыла. Цяпер ей неабходна замяніць крыніцу сілкавання ў аўтаномным пажарным апавяшчальніку.

3 гаспадыняй хаты і яе дачкой таксама быў праведзены супрацьпажарны інструктаж, адна з тэмаў якога — недапушчэнне курэння ў доме, паколькі, згодна з нормамі, нават калі ў хаце будзе курыць госць, адказваць давядзецца гаспадыні жылля. А штраф за задавальненне падыміць цыгарэткай у хаце прадугледжаны сур'ёзны — ад 1 да 30 база-вых велічыняў.

Папярэджанне аб недапушчэнні курэння ў хаце прагучала і для жыхароў дома ў вёсцы Лудзічы — маці-пенсіянеркі і яе сына, які нідзе не працуе, злоўжывае алкаголем. З парушэнняў пажарнай бяспекі - дымаход абкладзены згараемымі канструкцыямі, у доме адсутнічае аўтаномны пажарны апавяшчальнік. На печцы і ля яе, хаця яна на момант праверкі і не палілася, было шмат смецця: гэта не толькі парушэнне санітарнага стану, але і пажарнай бяспекі, што і было патлумачана гаспадыні хаты. Таксама яна і сын праслухалі інструктаж аб асвятленні жылля "адкрытым" агнём: электрычнасць у хаце адключана за няўплату.

У час рэйда работнікамі МНС быў праведзены вясковы сход, на інфармацыйных стэндах у будынках адміністрацыі сельскіх саветаў і населеных пунктах размешчаны даведкі аб акцыі "За бяспеку разам", якая праходзіць у кастрычніку па ўсёй рэспубліцы. Мэта акцыі — папярэдзіць пажары і гібель на іх людзей. Як сведчыць статыстыка пажараў, часта яны адбываюцца па віне "суседзяў", якія злоўжываюць алкаголем, збіраюцца ў пустуючых хатах, каб распіць спіртныя напоі. Быць пільнымі ў такіх выпадках і заклікае законапаслухмяных грамадзян акцыя "За бяспеку разам". Паколькі ў многім толькі сумеснымі намаганнямі можна пазбегнуць трагедый і надзвычайных сітуацый.

А. БЯЛЕНКА, інспектар Дзятлаўскага РАНС
А. ДУБРОЎСКАЯ, карэспандэнтка газеты "Перамога"

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/