ПАРУШАЮЦЬ ДЗЕЦІ - ПЛАЦЯЦЬ БАЦЬКІ



БЕЗ ПРАВА КІРАВАННЯ

Мінулыя публікацыі з пасяджэння камісіі па справах непаўналетніх, у якіх гаворка ішла аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці падлеткаў, якія кіравалі транспартнымі сродкамі без вадзіцельскага пасведчання, хутчэй за ўсё засталіся па-за ўвагай бацькоў. Работнікі дзяржаўтаінспекцыі склалі яшчэ некалькі пратаколаў на юных вадзіцеляў-парушальнікаў.

Так, непаўналетні рамантаваў мапед сябра, сеў на яго, каб праверыць, як працуе транспартны сродак. У час тэст-драйву яго затрымалі праваахоўнікі. Вадзіцельскага пасведчання хлопец не мае. Паколькі гэта першае парушэнне, падлетка на пасяджэнні камісіі папярэдзілі, што ў наступны раз за аналагічную паездку бацькі заплацяць штраф.

Такое ж папярэджанне атрымаў яшчэ адзін непаўналетні, які кіраваў мапедам, не маючы на гэта права. Бацька паслаў сына па хлеб у магазін, які знаходзіцца ўсяго за пяцьсот метраў ад хаты. Хлопец вырашыў пераадолець гэту адлегласць на мапедзе. Цяпер тэхніка знаходзіцца пад замком і хадзіць давядзецца пешшу.

Яшчэ адзін юнак, які ўжо трапляў у рукі супрацоўнікаў ДАІ, кіруючы скутарам без вадзіцельскага пасведчання, вырашыў усё ж такі яго атрымаць. Не падумаўшы пра наступствы, ён сам сеў на мапед і паехаў у Слонім. Па дарозе быў затрыманы міліцыяй. Цяпер маці хлопца павінна заплаціць штраф у памеры дваццаці базавых велічыняў за паўторнае парушэнне сына, учыненае ім на працягу года.
Яшчэ аднаму падлетку пашчасціла больш. Яго таксама спынілі работнікі ДАІ -- хлопец ехаў на мапедзе. На пасяджэнне камісіі непаўналетні прыйшоў ужо з вадзіцельскім пасведчаннем, якое атрымаў напярэдадні. Паколькі парушэнне было першае і падобных хлопец не ўчыніць, члены камісіі пажадалі яму шчаслівай дарогі.

АХВЯРЫ ЗЯЛЁНАГА ЗМІЯ

Як ні банальна гэта гучыць, але ўсё больш падлеткаў становяцца ахвярамі алкагольнай залежнасці. Усё пачынаецца з бутэлькі піва, а заканчваецца слязамі бацькоў, праблемамі з законам і стратай здароўя.
Непаўналетні разам з сябрамі распіваў спіртное за будынкам Казлоўшчынскай школы і быў затрыманы міліцыяй. Вучыцца хлопец у ВНУ, мае добрыя характарыстыкі. Па словах бацькі, раней сын не быў заўважаны ў стане алкагольнага ап'янення. На першы раз хлопца папярэдзілі, тым больш, што яму за некалькі дзён да пасяджэння камісіі споўнілася васямнаццаць гадоў. Цяпер за любыя правапарушэнні юнак будзе адказваць па-даросламу.

Непаўналетні жыхар пасёлка Наваельня быў затрыманы ў Навагрудку міліцыяй -- а дванаццатай гадзіне ночы ён п'яны ішоў у магазін. Хлопец і да гэтага парушаў закон -- ужо мае пагашаную ўмоўную судзімасць за распаўсюджанне наркотыкаў. За чарговае правапарушэнне падлетка бацькам давядзецца заплаціць штраф у памеры васьмі базавых велічыняў.

Такі ж самы штраф заплаціць бацька яшчэ аднаго непаўналетняга з вёскі Вензавец. Гэты хлопец вырашыў пакаштаваць піва, якое стаяла ў халадзільніку. Як толькі ён адкаркаваў бутэльку і пачаў піць, патэлефанавалі сябры -- запрасілі прагуляцца. Не доўга думаючы, юнак з надпітай бутэлькай у руках пайшоў на аўтобусны прыпынак, дзе прадоўжыў ужываць алкаголь. За гэтай справай ён і быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі, якія выпадкова праязджалі міма прыпынка па шашы.

На непаўналетняга жыхара Дзятлава праваахоўнікі склалі адразу два пратаколы. Першы -- за ўжыванне алкаголю, другі -- за непадпарадкаванне патрабаванням работніка міліцыі. Хлопец "адзначыў" Купалле і п'яны ішоў у бок цэнтра горада. Яго заўважылі супрацоўнікі міліцыі, прапанавалі прайсці з імі. У гэты час парушальнік кінуўся на ўцёкі, але быў затрыманы. Пазней высветлілася, што гэта паўторнае парушэнне антыалкагольнага заканадаўства, учыненае падлеткам на працягу года. За п'яныя прыгоды хлопца яго бацькам давядзецца заплаціць штраф у памеры дваццаці пяці базавых велічыняў, што складае два мільёны пяцьсот рублёў.

ПА-ДЗІЦЯЧЫ НЕАБАЧЛІВА

Многім у дзяцінстве даводзілася выпраўляць непажаданыя адзнакі ў дзённіку, каб не сварыліся бацькі. Гэтым "грашылі" нават некаторыя выдатнікі. Але адна справа -- дзённік вучня школы, а зусім іншая -- атэстат выпускніка. Тут ужо любая спроба штосьці падправіць -- парушэнне закона. Пра гэта не падумала жыхарка Дзятлава, выпускніца адзінаццатага класа, якая збіралася паступаць у медыцынскі каледж на бюджэтную форму навучання. Па-дзіцячы неабачліва дзяўчына выправіла на вышэйшы агульны бал атэстата. Гэта адразу ж заўважылі адказныя асобы каледжа. Вылічыць сапраўдны агульны бал па адзнаках не склала вялікіх намаганняў. Што самае парадаксальнае: дзякуючы сапраўднаму балу, дзяўчына прайшла па конкурсе і стала студэнткай. На пасяджэнні камісіі непаўналетняя не магла патлумачыць свой учынак. Яе папярэдзілі, што крымінальную справу не ўзбудзілі толькі таму, што ўчынак не меў наступстваў. У адваротным выпадку гора-вучаніцы мог бы пагражаць суд. Цяпер студэнтка будзе пастаўлена на улік у інспекцыю па справах непаўналетніх.

ДЗЯЦЕЙ ВЯРНУЛІ БАЦЬКАМ

Мінулі чатыры месяцы, як двое непаўналетніх з гэтай сям'і былі змешчаны ў сацыяльны прытулак. Бацькі скарысталіся магчымасцю іх вярнуць: навялі парадак дома, пагасілі запазычанасць па камунальных плацяжах, працуюць. Адзіны заган, які знайшлі работнікі МНС у час наведвання сям'і, -- з аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка былі выняты адпрацаваныя батарэйкі, а новыя -- яшчэ не пастаўлены. Гэту праблему бацькі вырашылі на наступны дзень. Непаўналетнія вернуты ў сям'ю. Сацыяльна-педагагічная служба раёна па-ранейшаму будзе сачыць за ўмовамі іх пражывання і паводзінамі дарослых.

Яшчэ адна гора-матці, сын якой знаходзіцца ў прытулку некалькі месяцаў, толькі-толькі пачала станавіцца на шлях выпраўлення. Зрабіла рамонт у пакоі, дзе пражывае дзіця, прайшла курс лячэння ад алкагалізму. Але гэта не памяшала ёй зноў выпіць. Па гэтай прычыне жанчына тры дні не выйшла на працу. На пасяджэнні камісіі яна ў каторы раз абяцала, што падобнага не здарыцца. Што будзе -- пакажа час.

Пакуль хлопчык, які мог бы ўжо вярнуцца дамоў, усё яшчэ знаходзіцца ў сацыяльным прытулку. А пытанне "Няўжо алкаголь даражэйшы за роднае дзіця?" застаецца адкрытым.

С. ЗАЛУЧАН, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
В. ГАРОШКА, намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
М. ЧЫРКО, інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама
І. СТЫРНІК, карэспандэнтка газеты "Перамога", член камісіі

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/