Партызанскія фарміраванні: Брыгада імя К.Я.Варашылава



Дзейнічала на акупіраванай тэрыторыі Дзятлаўскага, Казлоўшчынскага, Жалудоцкага, Лідскага, Шчучынскага раёнаў Баранавіцкай вобласці. Створана ў лістападзе 1943 г. на базе атрадаў імя Варашылава, імя Калініна і імя Дзяржынскага.

У снежні 1943 — лютым 1944 г. партызаны брыгады падарвалі 31 эшалон, 8 мастоў, знішчылі 16 аўтамашын, маёнтак, зрабілі налёты на ваенныя аб'екты і гарнізоны ў райцэнтры Дзятлава і в. Зачэпічы. У час карнай аперацыі ворага супраць партызан Шчучынскай зоны (07.06—15.06.1944) вялі абарончыя баі, у ноч на 11 чэрвеня прарвалі блакаду і выйшлі ў Гарадзішчанскі раён.

Атрад імя Варашылава ўдзельнічаў у прарыве блакады ў складзе Ленінскай партызанскай брыгады ў снежні 1942 г. Толькі ў жніўні 1943 г. на чыгуначных участках Ліда — Баранавічы, Ліда — Масты падарваў больш за 600 рэек.

У ліпені 1944 г. брыгада сумесна з артдывізіёнам Чырвонай Арміі каля райцэнтра Казлоўшчына перарэзала шлях да адступлення, захапіла пераправу на р.Шчара.

15.07.1944 г. брыгада (522 партызана, атрады імя Варашылава, імя Калініна, імя Дзяржынскага, імя Панамарэнкі) злучылася з Чырвонай Арміяй.

Камандзір — Пётр Кузьміч Макараў (лістапад 1943 — ліпень 1944); камісары: Васіль Якаўлевіч Сашнеў (лістапад 1943 — красавік 1944), Мікалай Нікіціч Белякоў (красавік — ліпень 1944); начальнік штаба — Сяргей Платонавіч Дабравольскі (лістапад 1943 — ліпень 1944).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/