ПАМЯЦЬ ПЕРАМОГІ



Сярод мерапрыемстваў, якія праводзяць бібліятэкі Дзятлаўскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, шэраг прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У Дзятлаўскай раённай бібліятэцы аддзелам бібліятэчнага маркетынгу распрацавана двухгадовая мэтавая праграма "Памяць Перамогі". Актывізацыі работы бібліятэк па патрыятычным выхаванні дзяцей, падлеткаў і моладзі садзейнічае таксама раённы агляд-конкурс на лепшае масавае мерапрыемства па папулярызацыі ваенна-патрыятычнай кнігі "Подзвіг жывы, непаўторны і вечны".

У маі пытанні патрыятычнага выхавання абмяркоўваліся на семінары "Сучасныя падыходы да патрыятычнага выхавання чытачоў у публічных бібліятэках", удзел у якім прынялі бібліятэчныя работнікі раёна, а таксама навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея Наталля Беняс. Яна прапанавала здзейсніць віртуальнае падарожжа па залах Дзятлаўскага музея "Помнім боль і страты твае, Беларусь".

У час семінара вопытам работы падзяліліся работнікі бібліятэк Дзятлаўскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы -- Людміла Хілімончык, загадчыца Казлоўшчынскай гарпасялковай бібліятэкі (пры ёй створана аматарскае аб'яднанне "Патрыёт", удзельнікі якога -- навучэнцы Казлоўшчынскага ліцэя), і загадчыца Дзятлаўскай дзіцячай бібліятэкі Таццяна Барысавец. Дарэчы, дзіцячая бібліятэка прыняла ўдзел у рэспубліканскім конкурсе "Бібліятэка -- асяродак нацыянальнай культуры". Вынікам работы бібліятэкі стала віртуальная кніга памяці "Па слядах вялікай мужнасці". Па выніках конкурсу Дзятлаўская дзіцячая бібліятэка заняла другое месца.

Напрыканцы семінара яго ўдзельнікі азнаёміліся з выставай-панарамай "Твае героі, Дзятлаўшчына", якую падрыхтавалі работнікі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі.

М. БОРТКА, метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Дзятлаўскай раённай бібліятэкі

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/