ПАКЛАПОЦІМСЯ ПРА ПАРАДАК



Прыйшла вясна. Пад цёплымі промнямі красавіцкага сонца сышоў снег, вызваленая ад беласнежнага покрыва зямля агаліла непрывабнасць перапрэлай, счарнелай лістоты. Зусім хутка зазелянее маладая трава, наваколле зменіць сваё аблічча. Але перш чым гэта адбудзецца, ад кожнага з нас патрабуецца прыкласці сілы да навядзення парадку на прысядзібных участках, дварах і месцах, дзе назаўжды знайшлі свой апошні спачын нашы блізкія сваякі. Да таго ж, для гэтага ёсць выдатная падстава: 22 красавіка – Міжнародны дзень зямлі.

Прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем навакольнага асяроддзя, выхаваць у свядомасці чалавека адказнае і асцярожнае стаўленне да нашага агульнага дома – прыроды, захаваць яе багацці для будучых пакаленняў – мэта правядзення Дня зямлі ва ўсім свеце. Дарэчы сказаць, што ў нашай краіне мерапрыемства праводзіцца ў пятнаццаты раз. Упершыню яго ажыццявілі ў 1997 годзе. І ўжо сёння яно набыло сабе нямала прыхільнікаў.

Характэрна, што пытанне аховы навакольнага асяроддзя не было пакінута без увагі і сярод прадстаўнікоў царкоўнай улады. У парадку дня Архірэйскага Сабора, які праходзіў з 2 па 5 лютага 2013 года, была вынесена праблема эфектыўнага выкарыстання і зберажэння прыродных рэсурсаў і ахова навакольнага асяроддзя ад шкоднага ўплыву чалавечага фактару. Прадстаўнікамі царкоўнай улады, якіх у гэты раз на Саборы сабралася амаль тры сотні, сярод іншых дакументаў была прынята і зацверджана «Пазіцыя РПЦ па актуальных праблемах экалогіі». У ёй выказана думка аб неабходнасці актыўнага ўдзелу святароў і прыхаджан у ахове навакольнага асяроддзя.

Адзін з момантаў ажыццяўляемай праграмы ў Міжнародны дзень землі – навядзенне парадку на прыхрамавай тэрыторыі і месцах пахавання ўсіх, хто адышоў у іншы свет з верай і надзеяй на будучае ўваскрэсенне. Уборка могілак і тэрыторыі каля храма належыць да спраў міласэрнасці, якія могуць здзяйсняцца намі ў адносінах да нашых блізкіх. Самі яны ўжо не могуць паўплываць на свой пасмяротны лёс, але памяць аб памерлых, здзяйсненне добрых спраў, як і сардэчная малітва аб іх спачыне, робяць дабратворны ўплыў на знаходжанне душ нашых памерлых сваякоў на тым свеце.

І. ЗІНЧАНКА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/