ПАКЛАПОЦІМСЯ ПРА БУДУЧЫНЮ СЁННЯ



...або якіх сацыяльных гарантый чакаць, калі атрымліваць заработную плату "ў канвертах"

Вось ужо на працягу некалькіх гадоў існуе словазлучэнне "зарплата ў канвертах". Аб тым, што азначае гэты тэрмін, мабыць, не ведае толькі самы гультаяваты, а гэта значыць, што з'ява не такая рэдкая ў нашай рэчаіснасці. На жаль, не ўсе працадаўцы лічаць патрэбным плаціць сваім супрацоўнікам годную афіцыйную заработную плату. Вельмі часта грошы перадаюцца з рук у рукі або ў канвертах. Пры гэтым працаўніком ставіцца подпіс у ведамасці па выплаце значна меншай сумы заработнай платы. Чаму зарплата "ў канвертах" так папулярная? Вядома, з меркаванняў эканоміі.

У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі з прыбыткаў, якія выплачваюцца працаўнікам, абавязаны выплаціць абавязковыя страхавыя ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь (далей - ФСАН) у памеры 35% ад сумы налічанай заработнай платы, прычым, 1% утрымліваецца з заработнай платы працаўніка.

Асноўная прычына нелегальных выплат заработнай платы – нежаданне працадаўцаў плаціць узносы ў ФСАН.

Аднак ценявая заработная плата пазбаўляе працаўніка вызначаных сацыяльных гарантый. І, на жаль, далёка не кожны жыхар нашай краіны, згаджаючыся на ценявыя грошы, бачыць зваротны бок медаля, многія не разумеюць паследкі падобнай дамовы.

Першым чынам, гэта датычыцца пенсіі, бо яе разлік робіцца з памеру менавіта той заработнай платы, на якую афіцыйна налічваліся і выплачваліся абавязковыя страхавыя ўзносы ў ФСАН. Таксама і ў стаж работы для прызначэння пенсіі залічваюцца толькі тыя перыяды работы, на працягу якіх рабілася выплата абавязковых страхавых узносаў. Калі ж страхавыя ўзносы выплачваліся ў памеры, які меншы за той, што налічаны ад мінімальнай заработнай платы (напрыклад, чалавека афіцыйна аформілі на работу на паўстаўкі і працоўнай дамовай устанавілі заработную плату ў памеры, які меншы за мінімальную заработную плату), то ў працоўны стаж будзе залічаны перыяд, разлічаны з ужываннем паправачнага каэфіцыента (гэта значыць, увойдзе не ўвесь адпрацаваны год, а толькі яго частка).

Атрымліваючы зарплату "ў канверце", трэба быць гатовым, што хварэць, даглядаць хворага члена сям'і давядзецца за свой кошт. У выпадку захворвання неаформлены працаўнік наогул не мае права на аплату лістка непрацаздольнасці. А калі выплата ўзносаў у ФСАН робіцца ў мінімальным памеры, то дапамога па часовай непрацаздольнасці будзе таксама разлічана з гэтай сумы. Тое ж самае датычыцца і аплаты водпуску па цяжарнасці і родах.

Праверыць, ці з'яўляецца ваш наймальнік добрасумленным плацельшчыкам страхавых узносаў у ФСАН, досыць проста. Для гэтага неабходна звярнуцца ў раённы аддзел ФСАН па месцы жыхарства з пашпартам і пасведчаннем дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і атрымаць выпіску са свайго індывідуальнага асабовага рахунку. У выпісцы будзе адлюстравана тая заработная плата, з якой былі выплачаны страхавыя ўзносы ў Фонд, гэта значыць, якая будзе пасля ўлічвацца пры прызначэнні пенсіі.

Права кожнага чалавека вызначаць і разлічваць асабістую выгаду, аднак, ці заўсёды мы можам быць упэўнены ў шчаслівым збегу акалічнасцяў і ў тым, што пры надыходзе пенсійнага ўзросту пенсія не будзе той адзінай крыніцай існавання, памер якой будзе істотным для кожнага з нас?

М. ЖЫДКО, начальнік раённага аддзела Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/