ПАКЛАНІЦЕСЯ ДЗЯСНІЦЫ СВЯТОГА СПІРЫДОНА



9 мая ў нашу краіну з Корфу, самага вялікага і самага паўночнага з Іанічных астравоў, што належаць Грэцыі, у Мінскі аэрапорт па благаславенні Мітрапаліта Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, будзе дастаўлены сярэбраны каўчэжац з дзясніцай (правай рукой) вялікага святога, свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага.

Праз некалькі дзён падарожжа па населеных пунктах Беларусі, практычна перад самы адбыццём на сваю гістарычную радзіму, мошчы будуць дастаўлены ў Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр Слонімскага раёна. Адбудзецца гэта 14 мая ў 14 гадзін. Мошчы будуць знаходзіцца ў Жыровіцкім манастыры да 14 гадзін 15 мая.

Святы Спірыдон Трыміфунцкі жыў на мяжы 3-4 стагоддзяў і ўвайшоў у гісторыю хрысціянскай царквы (яго памяць аднолькава шануюць як праваслаўныя, так і католікі) як сапраўдны свяціцель веры і вучэння Госпада нашага Ісуса Хрыста. У 325 годзе разам са свяціцелем Мікалаем Мірлікійскім Цудатворцам ён прысутнічаў на першым Усяленскім Саборы, у час якога выклаў ісціну хрысціянскага вучэння.

Варта адзначыць, што прадстаяцель Трыміфунцкай кафедры валодаў незвычайнай празорлівасцю, здольнасцю вылечваць хваробы, якія лічыліся невылечнымі, выганяць з чалавека бесаў. Па малітвах святога засуха змянялася шчодрым дажджом, а працяглыя нянасці -- ясным і сонечным надвор'ем. А аднойчы пры адсутнасці хору за Боскай Літургіяй яму спяваў анёльскі хор.

Адметна, што валодаючы высокімі духоўнымі здольнасцямі, святы паказваў прыклад працалюбства. З'яўляючыся епіскапам, свяціцель Спірыдон пасвіў авечак, убіраў хлеб.

Прадстаяцель Трыміфунцкай кафедры памёр у 378 годзе ва ўзросце 78 гадоў у кафедральным горадзе Трыміфунце. У 1453 годзе яго мошчы былі перанесены на Корфу. Яго дзясніца (правая рука), якую прывязуць у Жыровіцкі манастыр, доўгі час знаходзілася ў Рыме, асобна ад астатняй часткі мошчаў. Толькі ў 1984 годзе ў сярэбраным каўчэжцы святыня была перададзена на востраў, у кафедральны сабор Святога Спірыдона, дзе захоўваецца само цела святога.

Святы апякун Корфу адышоў да Госпада больш за паўтары тысячы гадоў таму. Аднак і сёння тэмпература яго цела нязменная -- 36,6 градусаў па Цэльсію, тэмпература жывога чалавека. У свяціцеля растуць валасы і пазногці. Адметна таксама, што раз у паўгода на святым Спірыдоне мяняюць вопратку, а раз у год -- абутак, паколькі папярэдні па невядомай навуцы прычыне зношваецца.

Сярод манахаў Влахернскага манастыра існуе паданне, што калі рака не адкрываецца, значыць святы вандруе па свеце і дапамагае кожнаму, хто мае патрэбу ў яго падтрымцы.

Свяціцелю Спірыдону Трыміфунцкаму моляцца пры розных фінансавых цяжкасцях, а таксама пры жаданні набыць уласнае жыллё.

І. ЗІНЧАНКА, бакалаўр багаслоўя

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/