ПАГРОЗА НАВАГОДНІХ "ЦАЦАК"



Не так даўно ўпрыгожаннем навагодніх святаў былі бянгальскія агеньчыкі і хлапушкі з рознакаляровымі канфеці. На змену ім прыйшлі больш эфектныя, маляўнічыя петарды, феерверкі, ракетніцы. Аднак выкарыстоўваючы піратэхнічныя вырабы, каб упрыгожыць сваё свята, многія забываюцца пра ўласную бяспеку. Штогод з-за неасцярожнасці ў абыходжанні з піратэхнічнымі сродкамі адбываюцца пажары, людзі атрымліваюць апёкі рознай ступені цяжкасці.

Каб пазбегнуць трагічных наступстваў, купляючы піратэхнічныя сродкі, трэба звярнуць увагу на іх тэрмін прыдатнасці, інструкцыю карыстання (яна павінна быць на рускай ці беларускай мове). Купляць трэба піратэхнічныя сродкі толькі ў завадской упакоўцы, захоўваць далей ад награвальных прыбораў, у недаступным для дзяцей месцы.

Нельга пераносіць піратэхнічныя сродкі ў кішэнях, захоўваць без упакоўкі, выкарыстоўваць піратэхнічныя сродкі, якія маюць дэфекты, разбіраць і перарабляць піратэхніку, паўторна запускаць яе ў выпадку адмовы або згарання фіціля.

Перад выкарыстаннем піратэхнічных сродкаў неабходна азнаёміцца з інструкцыяй. У ёй павінны быць указаны ўмовы выкарыстання, абмежаванні, спосабы бяспечнай падрыхтоўкі, папярэджанне аб небяспецы, гарантыйны тэрмін і дата выпуску, умовы захоўвання, рэквізіты вытворцы, дзеянні ў выпадку ўзнікнення няштатных сітуацый, іншыя звесткі, абумоўленыя спецыфікай піратэхнічных сродкаў, дзеянні ў выпадку пажару.

А. БЯЛЕНКА, інспектар Дзятлаўскага РАНС

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/