ПАЭТ. ПРАЗАІК. НАВУКОВЕЦ



Лістапад адзначаны 130-годдзем з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа.

Пясняр нарадзіўся ў сям'і лесніка, у засценку Акінчыцы, што непадалёку ад вёскі Мікалаеўшчына. Свой першы верш будучы пісьменнік напісаў, калі яму было 12 гадоў. Верш быў на роднай беларускай мове. Косцік прачытаў яго бацьку. "Бацька паслухаў мяне ўважліва, -- успамінаў паэт, -- потым запытаў, ці праўда, што гэта я, і даў рубель гасцінцу..."

Творчасць Коласа з першых радкоў ішла ад народнага жыцця, прысвячалася яму, стала тэмай не толькі вершаў класіка, але і яго мастацкай прозы. Вяршыняй творчасці з'яўляюцца трылогія "На ростанях" і аповесць "Дрыгва".

Шмат Якуб Колас зрабіў і ў галіне педагагічнай літаратуры. Ён -- аўтар падручнікаў "Другое чытанне дзяцей беларусаў" і "Методыка роднае мовы".

На працягу ўсяго жыцця пісьменнік займаўся навуковай, палітычнай, грамадскай дзейнасцю. Быў членам урада, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і СССР. Шмат увагі надаваў дзецям, моладзі, маладым літаратарам. Шчыра клапаціўся пра тое, каб не гублялі беларусы беларускасці.

Якуб Колас увасабляў таленавістасць і мудрасць беларускага народа , быў вельмі простым у абыходжанні з людзьмі, уважліва ствіўся да кожнага з іх.

К. ГУБКО, бібліятэкар Дзятлаўскай раённай бібліятэкі

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/