Падзеі духоўнага жыцця



ПЕРШАЕ МЕСЦА – У КАЛЕКТЫВУ З НАГАРОДАВІЧАЎ

8 лютага ў Лідскім раённым доме культуры адбыўся фінальны канцэрт IX епархіяльнага фестывалю духоўных песнапенняў “Слава ў вышніх Богу”. З 36 гарадскіх, пасялковых і сельскіх харавых калектываў, якія ўдзельнічалі ў фестывалі, вызначылі лепшых.

Сёлета ад Дзятлаўскага благачыння прадставілі свае кампазіцыі два калектывы. У намінацыі “Гарадскі царкоўны ансамбль” журы падзяліла трэцяе месца паміж храмам Прэабражэння Гасподня горада Дзятлава (рэгент Святлана Пінчук) і Свята-Прэабражэнскім саборам горада Слоніма (рэгент Марыя Ляцецкая). Таксама сёлета ў фестывалі прымаў удзел дзіцячы царкоўны сельскі калектыў. Ён прадстаўляў храм свяціцеля Мікалая Цудатворцы вёскі Нагародавічы (рэгент Наталля Жданук) і па выніках выступленняў заняў першае месца.

Журы фестывалю ўзначальваў правячы архірэй, архіепіскап Навагрудскі і Лідскі Гурый. У сваім слове ён адзначыў, што ўзровень фестывалю з кожным годам павышаецца, а прыходскія харавыя калектывы якасна развіваюцца.

-- Радуе, што ў конкурсе прымаюць удзел усё больш дзіцячых харавых калектываў з духоўнай музычнай праграмай, а сельскія прыходскія хоры з кожным годам павышаюць свой выканаўчы ўзровень, -- адзначыў архіепіскап.

Выступленне канкурсантаў ацэньвала прадстаўнічае журы, у якое ўваходзілі протаіерэй Генадзій Логін, член Саюза кампазітараў Сяргей Бугасаў, дырэктар Лідскага музычнага каледжа Алена Серакова і выкладчыца гэтай установы Людміла Пясецкая, дырэктар Лідскай дзіцячай школы мастацтваў Алена Спірына.

Яркім і запамінальным момантам фестывалю стала выступленне хору навучэнцаў Мінскай духоўнай акадэміі і семінарыі.

Пераможцы адзначаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. Гран-пры сёлета атрымалі прадстаўнікі горада Навагрудка. Найвышэйшай узнагародай адзначаны дуэт у складзе Алены Галанавай і Вольгі Савошчык, якія прадстаўлялі храм святых роўнаапостальных Кірыла і Мяфодзія горада Навагрудка.
Фестываль “Слава ў вышніх Богу” праводзіцца з 2006 года. Яго галоўнай задачай з’яўляецца развіццё пеўчай праваслаўнай культуры, папулярызацыя духоўнай спадчыны, адраджэнне цікавасці слухачоў да харавога майстэрства.

НОВЫ СВЯШЧЭННІК У ГЕЗГАЛАХ

Іерэй Алексій Сцепановіч, клірык храма святых мучанікаў князёў Барыса і Глеба вёскі Накрышкі Дзятлаўскага благачыння, замацаваны абслугоўваць храм свяшчэннамучаніка Уладзіміра Гезгальскага (Хрышчановіча) у папраўчай калоніі-пасяленні №26, што непадалёку ад Гезгалаў.

Раней духоўным жыццём папраўчай калоніі-пасялення №26 доўгі час кіраваў Благачынны Лідскай акругі, настаяцель храма у гонар святога вялікамучаніка Георгія Пабеданосца протаіерэй Расціслаў Салаўёў.

Святар Алексій Сцепановіч новае паслушанне будзе сумяшчаць з нясеннем пастырскага служэння ў прыходах храмаў прападобнага Сергія Раданежскага вёскі Дзям’янаўцы і ўсіх Святых у зямлі Беларускай ззяўшых вёскі Пацаўшчына Дзятлаўскага благачыння.

У штаце клірыкаў Навагрудскай епархіі святар Алексій Сцепановіч знаходзіцца з 1 чэрвеня 2012 года ў выніку пераходу з Мінскай епархіі, змяніўшы служыўшага да яго протаіерэя Георгія Роя. У канцы снежня 2013 года на епархіяльным сходзе святара Алексія Сцепановіча за шчырае служэнне Праваслаўнай Царкве архіепіскап Навагрудкі і Лідскі Гурый узнагародзіў паліцай.

І. ЗІНЧАНКА, бакалаўр багаслоўя

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/