ПАД СІНІМ НЕБАМ БЕЛАРУСІ



Калі ясным летнім днём глядзіш на неба, яно здаецца бяздонна-блакітным, глыбокім і бясконцым, як акіян. Тады хочацца адарвацца ад зямлі, узняцца і нырнуць у густы блакіт, ахінуцца ім, як мяккаю коўдраю, і плыць далёка-далёка, ляцець над роднай зямлёю белаю птушкай... Гэты блакіт і празрыстасць, чысціня і спакой дасталіся нам у спадчыну ад дзядоў і прадзедаў, як і светлая жыццёвая мараль, мова, мір на роднай зямлі, спадзяванні на лепшую будучыню для нашчадкаў. Не разарвецца повязь пакаленняў, пакуль побач з намі жывыя сведкі мінулых часоў, якія ўвесь свой жыццёвы вопыт і мудрасць укладваюць у душы маладых.

На мяжы эпох, у паслярэвалюцыйным 1924 годзе, нарадзілася ўдзельніца Вялікай Айчыннай вайны, настаўніца малодшых класаў Цяцейкаўскай сельскай школы, пенсіянерка Алена Міхайлаўна Мікалаева, цікавая жанчына і прыемная субяседніца. Дзяцінства яе прайшло ў горадзе Мсціслаўлі. Там скончыла школу. А пасля -- была вайна...

Юнай Алене давялося жыць на акупаванай немцамі тэрыторыі, быць сувязной Чырвоназнамённага партызанскага атрада, які дзейнічаў у бранскіх лясах (горад Мсціслаўль Магілёўскай вобласці знаходзіцца амаль на мяжы з расійскімі Браншчынай і Смаленшчынай).

Пасля вайны Алена Міхайлаўна выйшла замуж за Івана Мікалаева -- хлопца, якога добра ведала: яны вучыліся ў адной школе. Іван Піліпавіч таксама ваяваў, быў радыстам-разведчыкам, уступіў у камуністычную партыю ў дзень узяцця рэйхстага. Іван быў настаўнікам гісторыі, выдатна іграў на акардэоне, спяваў, танцаваў, словам, быў душою любой кампаніі, удзельнічаў у мастацкай самадзейнасці. Алена таксама любіла музыку, мела моцны, прыгожы голас, іграла на гітары. Яна скончыла завочнае аддзяленне Маскоўскага інстытута замежных моваў, атрымала дыплом педагога.

У 1950 годзе маладая сям'я пераехала на Дзятлаўшчыну, у вёску Цяцейкі: менавіта сюды мужа накіравалі працаваць сакратаром партыйнай арганізацыі. Алена Міхайлаўна ўладкавалася на працу ў мясцовую школу-васьмігодку настаўніцай малодшых класаў. Яна вельмі любіла дзяцей, клапацілася пра іх, была ім амаль як другая маці. Жыццё не песціла вясковых школьнікаў, нястача была ва ўсім: не хапала адзення, абутку, сшыткаў і падручнікаў. Узімку вясковая дзятва прыбягала ў школу ў дзіравых ботах не па назе. Маленькія, захутаныя ў шарсцяныя хусткі, яны збіраліся вакол сваёй настаўніцы, як кураняты ля наседкі. Тады Алена Міхайлаўна клікала на дапамогу мужа. Разам палілі школьную печ, грэлі дзяцей, сушылі мокрыя анучы. Пачынаўся ўрок. Пісалі на лісточках, кавалачках паперы. Праз усё жыццё настаўніца пранесла ў сваім сэрцы ўспаміны пра такія ўрокі, калі кволыя, знямелыя ад марозу дзіцячыя ручкі пісалі на дошцы "Мір -- усім народам у свеце! Нам не патрэбна вайна".

Старанныя і кемлівыя, нягледзячы на ўсе жыццёвыя выпрабаванні, -- так характарызуе сваіх былых вучняў Алена Міхайлаўна. Яны сталі годнымі людзьмі, не страцілі сувязь з любай настаўніцай, хоць лёс раскідаў іх па розных гарадах і краінах. Тэлефануюць, шлюць пісьмы, прыязджаюць у госці. Яны лічаць, што старт у вялікае, шчаслівае жыццё ім дала першая настаўніца. Вось радкі аднаго пісьма, якое Алене Міхайлаўне даслала яе былая вучаніца Ларыса Кароль, якая жыве і працуе ў Латвіі:

"Я казала вам пры сустрэчы і пацвярджаю пісьмова для важкасці: толькі дзякуючы вам і вашаму прыкладу, я выбрала прафесію настаўніка, якую люблю, нягледзячы на цяжкасці і праблемы. Але з вышыні свайго ўзросту і вопыту (мне 51 год, і ў школе я працую 32 гады) магу сказаць, што ваша пакаленне настаўнікаў было больш дасканалым, высокім, чыстым. Нам наўрад ці магчыма дацягнуцца да вас. Можа час іншы, можа яшчэ якія-небудзь прычыны, але гэта так..."

Алена і Іван Мікалаевы вырасцілі дачку Ніну і сына Аляксандра. Ніна прадоўжыла педагагічную дынастыю -- да пенсіі працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў адной з мінскіх школ. Цяпер адкрыла сваю справу, працуе экспедытарам па грузаперавозках. Педагогам стала яе дачка Алена, якая працуе выкладчыцай у каледжы. Аляксандр з дзяцінства марыў стаць лётчыкам, як яго родны дзядзька, брат Алены Міхайлаўны, які загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны. Хлопец дабіўся свайго: яму пакарылася неба. Шмат гадоў ён быў лётчыкам-штурманам. Загінуў у 2005 годзе ў Афрыцы, у Танзаніі, разам з экіпажам (гэта яшчэ сем чалавек). Пра гэты выпадак пісалі беларускія газеты. Украінскі ІЛ-76, якім кіраваў вопытны беларускі экіпаж, упаў у афрыканскае возера Вікторыя. Эксперты зрабілі заключэнне, што памылкі пілотаў не было, хутчэй за ўсё, прычынай аварыі стала птушка.

Бацька не дажыў да смерці сына, ён памёр раней. Алена Міхайлаўна цяжка перажывае страту, боль састарэлай маці выліўся ў радкі верша пра апошні палёт:

Знак Костя, Юра Нестеренко, Саша Николаев, Женя Побаруев,
Маркевич, Пулин, Перегуда, Саша Лях.
В той чёрной Африке сложили свои крылья
Вдали от Родины, в чужих краях.
Последний, грозный, роковой полёт.
Прощальный рокот самолёта...
Погибли вы ужасной, страшной смертью.
К чему теперь пустых похвал слова:
"Мы любим... Будем помнить..."
Осталась после вас сплошная пустота,
Которую нельзя ничем заполнить...

Але жыццё працягваецца. У Алены Міхайлаўны выраслі ўнукі, яна дачакалася чатырох праўнукаў. Дзеці сына -- Маша і Максім -- працуюць у аэрапорце ў Мінску. Унук Аляксей, як і бабуля, захапляецца ігрой на гітары -- выконвае пераважна класічныя творы. Маладое пакаленне працягвае справу продкаў, якія далі ім нямала: мову, натхненне, любоў да прафесіі і мірнае неба над галавой, у якое, нягледзячы ні на што, так хочацца ўзняцца...

І. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/