ПАЧАТАК НАВУЧАЛЬНАГА ГОДА Ў ЦЭНТРЫ КАРЭКЦЫЙНА-РАЗВІВАЮЧАГА НАВУЧАННЯ



Адукацыя - справа нялёгкая, тым больш, калі твае вучні не такія, як усе.

Між тым, у Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Дзятлаўскага раёна рады кожнаму дзіцяці, незалежна ад яго псіхічных або фізічных абмежаванняў. Тут дзеткі атрымліваюць магчымасць вучыцца, развівацца і адчуваць сябе паўнапраўнымі членамі грамадства. I ў Дзень ведаў, 1 верасня, для іх таксама, як і для ўсіх школьнікаў раёна, прагучаў першы школьны званок і прайшла ўрачыстая лінейка, на якой дзетак павіншавалі з пачат-кам новага навучальнага года дырэктар цэнтра Марына Гуговіч, прадстаўніца ад бацькоў навучэнцаў Юзэфа Сямёнава, госці з Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Галіна Касцюк і Наталля Ціхан.

Права даць першы званок было прадастаўлена першакласніку Сашу Куніцкаму. Са шчырай радасцю хлопчык падносіў званочак да кожнага прысутнага, а пасля з захапленнем раздаваў мяккія цацкі, якія прынеслі для дзетак Галіна Эдвардаўна і Наталля Ігараўна.

Дарэчы, зараз у Цэнтры займаюцца дванаццаць дзяцей (летась было дзесяць), з іх тры пайшлі ў першы клас, а двое дзетак трохгадовага ўзросту пачалі наведваць дашкольную групу ўстановы. Калектыў педагогаў папоўніўся маладым спецыялістам - Аляксандр Камароў, згодна з атрыманай адукацыяй, заняў пасаду педагога-псіхолага. Як адзначыла дырэктар Марына Гуговіч, для Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі яшчэ адзін педагог-псіхолаг быў вельмі неабходны. Цяпер псіхолагаў двое, іх функцыянальныя абавязкі будуць граматна і правільна размеркаваны: адзін будзе займацца з групай дашкольнікаў, другі - непасрэдна з дзеткамі школьнага ўзросту. Што датычыцца астатняга калектыву Цэнтра, тут таксама прыемны адукацыйны прагрэс: вышэйшую адукацыю ў гэтым годзе атрымала настаўнік-дэфектолаг Святлана Лішык, дыплом інструктара ЛФК - медыцынская сястра Вольга Гербік.

Марына Гуговіч шчыра верыць у свой калектыў, малады, перспектыўны і адказны. Ён не падвёў яе ў час падрыхтоўкі Цэнтра да новага навучальнага года, калі сіламі супрацоўнікаў установы (цяпер гэта модна называецца гаспадарчым спосабам) за два месяцы быў выкананы значны аб'ём рамонтных работ, як унутраных, так і па добраўпарадкаванні тэрыторыі, арганізацыі ландшафтнага дызайну, пляцоўкі для адпачынку навучэнцаў. Больш за тое, калектыў Цэнтра зарэкамендаваў сябе з самага лепшага боку прафесійна - змог атрымаць званне і ўтрымаць пазіцыі лепшай установы спецыяльнай адукацыі Рэспублікі Беларусь па выніках 2013 года. Зараз Цэнтр рыхтуецца пацвердзіць права на такое высокае званне і ў верасні ізноў прыняць удзел у рэспубліканскім конкурсе.

І. ГАЛОМЗІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/