ПАЧАЎСЯ ВЯЛІКІ ПОСТ



У праваслаўных хрысціян з панядзелка, 3 сакавіка, пачаўся асаблівы перыяд – Вялікі пост. У каталікоў ён пачынаецца двумя днямі пазней, з Попельнай серады, якраз 5 сакавіка.

Неабходнасць захоўваць Вялікі пост – патрабаванне адно са старажытнейшых. Яшчэ хрысціяне першых стагоддзяў прытрымліваліся святой Чатырохдзясятніцы (па ліку дзён, якія ўваходзяць у гэты перыяд), каб найбольш яскрава паказаць сваю любоў да пацярпелага за кожнага чалавека Выратавальніка, а таксама маральна ачысціцца, лепш падрыхтавацца да ўрачыстых успамінаў пра пакуты Хрыста і яго велічнага ўваскрэсення.

“Чатырохдзясятніцай не грэбуйце”, -- пісаў святы Ігнацій Баганосец, які згодна з паданнем трымаў на руках Выратавальніка. “Дні Чатырохдзясятніцы, калі ўдумліва ўнікнуць, азначаюць жыццё цяперашняга стагоддзя, так як і дні Вялікадня адлюстроўваюць вечную асалоду”, -- вучыў набожны Аўгусцін. Святы Кірыл Іерусалімскі неаднойчы нагадваў пра неабходнасць захавання гэтага перыяду.

Царкоўныя каноны таксама ў гэтых адносінах вельмі патрабавальныя. За незахаванне Вялікага посту ў першыя стагоддзі хрысціянства царква пагражала адвяржэннем ад свяшчэннага сана, а звычайных людзей адлучала ад царквы. Адзінай умовай паслаблення посту магла быць фізічная слабасць чалавека.
Дні Вялікага посту напоўнены строгасцю, устрыманнем, ахоўваннем сябе ад усялякай заганы і весялосці. Аднак галоўнай умовай посту з’яўляецца неадмежаванне сябе ад скаромнай ежы, а змены ў сваім жыцці, зварот сэрца да Бога, прымірэнне з бліжнім. Вось чаму напярэдадні посту ў праваслаўных храмах здаўна праводзіцца асаблівы чын -- чын прабачэння, калі кожны адзін у аднаго просіць прабачэння за нанесеныя крыўды.

“Чым пакрыўдзіць чалавека ў пост, лепш з’есці кавалак мяса”, -- казаў прападобны Варсанофій Опцінскі. Будзем памятаць пра гэта, калі ў чарговы раз унутры нас успыхне полымя гневу, нецярпення, самалюбства. У іншым выпадку чым жа мы будзем лепшыя за фарысеяў, якіх неаднойчы асуджаў Хрыстос, які сваім жыццём паказаў унікальны прыклад хрысціянскага жыцця і маральнай дасканаласці.

І. ЗІНЧАНКА, бакалаўр багаслоўя

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/