Па лясной сцяжынцы ў бессмяротнасць



У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі ашчадна захоўваюцца ўспаміны тых, хто змагаўся з фашыстамі
ў шэрагах партызанаў, на франтах Вялікай Айчыннай вайны, хто зведаў і перажыў жахі ваеннага ліхалецця. На пажаўцелых ад часу старонках - аповеды пра людзей, пра падзеі, якія адбываліся 70 і больш гадоў таму.

... 3 даўніх часоў Філідовічы жылі на адным з глухіх хутароў у Ліпічанскай пушчы: з пакалення ў пакаленне перадавалася любоў да гэтага ляснога краю. А такіх хутароў, дзе людзі жылі сваім, няспешным жыццём, у пушчы да пачатку Вялікай Айчыннай вайны было шмат. Сяляне, раскарчаваўшы кавалачак лесу, трымаліся за яго: садзілі і сеялі, хаця зямля была найбольш пясчаная, лес даваў грыбы-ягады, меўся сякі-такі прыбытак і з палявання.

На пачатку вайны на хутары Філідовічаў жылі прадстаўнікі трох пакаленняў: дзед Іосіф Юр'евіч, яго ж сын з жонкай, унукі.

Восенню 1942 года за тры кіламетры ад хутара, на невялікім астраўку сярод непраходнага балота партызаны ўладкавалі свой шпіталь. Выбраць надзейнае месца для яго дапамог Іосіф Юр'евіч Філідовіч, якому на той час было пад семдзесят гадоў.

Дзед Іосіф вельмі добра ведаў пушчу: яе сцяжынкі, балоты, астраўкі. Таму месца для партызанскага шпіталю было абрана вельмі ўдалае: сухі востраў памерам 120 на 60 метраў, парослы старымі вольхамі, бярозамі, елкамі, арэшнікам. Там выкапалі і замаскіравалі зямлянкі, дзе знаходзіліся параненыя. Востраў акружала балота, якое не замярзала нават зімой.

3 аднаго боку праз балота былі пакладзены кладкі. Па іх трэба было ісці каля 80 метраў. Пры пагрозе кладкі прымалі на востраў, а след маскіравалі мохам і галлём. Параненых партызанаў прывозілі здалёку. Нярэдка дзед Іосіф ці яго сын Іван суправаджалі іх да шпіталю. Дзеля перасцярогі, нават параненым завязвалі вочы, а затым на насілках пераносілі праз балота на востраў.

У снежні 1942 года ў пушчу прыбыў карны атрад. Старэйшыя Філідовічы паспелі да гэтага адправіць меншых дзяцей за Неман у бяспечнае месца. Дома засталіся Іосіф Юр'евіч, яго нявестка і большы ўнук Федзька.

Раніцой 12 снежня 1942 года на хутары з'явіліся фашысты і паліцаі. Было іх каля 50 чалавек. Прыйшлі яны пешшу, узброеныя аўтаматамі, ручнымі кулямётамі, а на санях прывезлі мінамёты, міны, скрынкі з патронамі.
У хаце Філідовічаў афіцэр праз перакладчыка запатрабаваў завесці іх у партызанскі шпіталь, а інакш усе жыхары хутара будуць расстраляны.

Іосіф Юр'евіч стаў тлумачыць, што ён стары, нямоглы чалавек, нічога не ведае аб партызанах. Тады фашыст запатрабаваў, каб да шпіталю вёў карны атрад 12-гадовы ўнук Федзька. Падлетак таксама адказаў, што не ведае дарогі. Хаця ўсе Філідовічы добра ведалі шлях да параненых партызанаў.
За адмову Федзьку збілі, а затым загадалі ўсім выходзіць з хаты.

Іх адвялі ад хутара кіламетры за два. Жанчыну і падлетка паставілі на калені на краі ямы, дзе калісьці бралі гліну, насупраць — кулямёт. Затым зноў пачалі збіваць. Але тыя зацята маўчалі.

Неўзабаве да акрываўленых ахвяраў падышоў афіцэр, доўга ўглядаўся ў жанчыну і падлетка, а затым загадаў адпусціць. Калі двое Філідовічаў вярнуліся дадому, хата, гумно, пуня ўжо гарэлі. Гарэлі ў пушчы і іншыя хутары. Усяго ў гэты жудасны дзень, 12 снежня 1942 года, фашысты спалілі 88 хутароу і забілі 160 мірных жыхароў.

А пра лёс Іосіфа Юр'евіча Філідовіча, якога немцы павялі з сабою, родныя доўга нічога не ведалі. Пыталіся і ў насельнікаў ацалелых хутароў, і ў партызан, аднак ніхто нічога не ведаў. Толькі 26 сакавіка 1943 года, калі сышоў снег, цела забітага старога Філідовіча знайшлі на балоце ў лесе, за дзесяць кіламетраў ад дома. Зусім у іншым баку ад партызанскага шпіталю... Вось такая гісторыя пра мужнасць простага селяніна з пушчанскага хутара.

Успаміны пра Іосіфа Юр'евіча Філідовіча ў 1968 годзе запісаў тагачасны дырэктар музея М. Петрыкевіч.

Падрыхтавала да друку I. ІВАНАВА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/