НЯСУМНЫЯ СУСТРЭЧЫ



У СШ №1 г. Дзятлава ёсць добрая традыцыя -- настаўнікі разам з вучнямі наведваюць ветэранаў педагагічнай працы, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Нядаўна такая дэлегацыя пабыла ў сёлетняй 70-гадовай юбіляркі, былой настаўніцы замежнай мовы, выдатнай жанчыны і мудрага чалавека Людмілы Канстанцінаўны Грышук.

Людміла Канстанцінаўна нарадзілася на Дзятлаўшчыне 10 сакавіка 1943 года. Вучылася ў Малдавіцкай пачатковай школе, Казлоўшчынскай СШ. Пасля заканчэння вучобы два гады працавала піянерважатай у Запрудзінскай сямігодцы, якая знаходзілася ў Радунскім раёне Гродзенскай вобласці. У 1962 годзе паступіла ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моваў. Першы вопыт работы настаўніцай замежнай мовы атрымала на Слонімшчыне, у Новадзявяткавіцкай СШ. А ў 1971-ым вярнулася на Дзятлаўшчыну, дзе і працавала да 1999 года настаўніцай англійскай мовы СШ №1 г. Дзятлава. За гэты час Людміла Канстанцінаўна навучыла размаўляць па-англійску сотні дзяцей. За поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення настаўніца неаднаразова была ўзнагароджана Ганаровымі граматамі ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама і аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама.

На заслужаным адпачынку Людміла Канстанцінаўна не любіць сядзець без справы. Яе чулае сэрца імкнецца сагрэць цяплом усіх, хто мае ў гэтым найбольшую патрэбу. Былая настаўніца цяпер у складзе сястрынства ў гонар Ксеніі Пецярбургскай, якое дзейнічае пры храме Прэабражэння Гасподня ў Дзятлаве. Разам з сёстрамі яна наведвае хворых, нямоглых, дапамагае выхаванцам Дзіцячага дома і дзецям, якія трапілі ў сацыяльны прытулак Дзятлаўскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Адпачыць душой Людміле Канстанцінаўне дапамагае пастаяннае наведванне царквы і паломніцтвы па святых мясцінах. Так яна ўжо пабыла ў Дзевеева, Кіева-Пячорскай Лаўры, у Санкт-Пецярбургу.

У час школьных канікулаў у клапатлівай бабулі гасцююць унукі, якіх Людміла Канстанцінаўна вельмі любіць. Радуецца былая настаўніца, калі да яе наведваюцца вучні СШ №1 і завітваюць у госці педагогі. Яна цікавіцца школьнымі навінамі, поспехамі і праблемамі, умее даць мудрыя парады.
У час нядаўняй сустрэчы наведвальнікі пажадалі Людміле Канстанцінаўне Грышук актыўнага даўгалецця, каб яе дабрыні хапіла яшчэ многім людзям.

Н. ЯКАБЧУК, ад імя калектыву СШ №1 г. Дзятлава і савета ветэранаў педагагічнай працы

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/