Няшчасці - лекары душы



Неаднаразова мы чулі аб тым, што Гасподзь любіць нас. Любіць настолькі, што "аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб усякі веруючы ў Яго не загінуў, але меў жыццё вечнае" (Ін. 3,6). Таксама кожны з нас ведае аб тым, што Богу няма нічога немагчымага, але ўсё служыць яго святой волі.

"Тады, — спытаюць некаторыя, — навошта мы пакутуем так часта ад скрухі, хваробы і іншых жыццёвых нягодаў. Чаму той, каму такі дарагі чалавек, паводле Евангелля, пасылае землятрусы, паводкі, голад, холад і іншыя бедствы, якія забіраюць раптоўна сотні, а, часам, і тысячы жыццяў ні ў чым невінаватых людзей. Ці няма тут супярэчнасцяў з Божым планам аб кожным з нас?"

Пакуты і смерць — найвялікшае зло ў разуменні чалавека. I гэта сапраўды так. Чалавек быў створаны па вобразе і падабенстве Божым. Да грэхападзення ён не ведаў аб прыродных катаклізмах, аб цяжкасцях сямейнага жыцця. Не турбавалі яго засмучэнні аб уласным здароўі і перажыванні аб смерці блізкіх яму людзей. Чалавек жыў у раі.

Грэх, атрутнае насенне, пасеянае д'яблам у сэрцы першага чалавека, разлучыў вышэйшае тварэнне Бога са сваім Творцам, а тым пазбавіў і ад знаходжання ў райскіх мясцінах не толькі яго, чалавека, увесь яго род, але і ўсё навакольнае, увесь свет.

Што яшчэ можа параўнацца з малітоўным яднаннем чалавека з Богам? Успомнім Пятра, які на хвіліну сутыкнуўся з таямніцай гэтых стасункаў. "Госпадзі! Добра нам тут быць..." — усклікае ён з глыбіні свайго сэрца. Гэты стан павінен быць вядомы і нам. Успомнім свае першыя крокі ў храме. Напэўна, у кожнага з нас узнікала жаданне спыніцца, замерці, каб на ўсю моц адчуць стан душэўнага палёту, які вызваляў нябачным чынам ад кайданоў зямнога прыцягнення і накіроўваў у вышыню да чагосьці далёкага і ў той жа самы час такога роднага і блізкага.

I вось чалавек упаў. Не здолеўшы пераадолець спакусу д'ябла і захаваць першародную чысціню сваёй душы, чалавек страціў падабенства Богу. Замест міласці Божай і асалоды ў райскіх мясцінах чалавек выбраў праклён і смерць.

Праклён, па сведчанні свяціцеля Філарэта Драздова, ёсць не што іншае, як асуджэнне граху праведным судом Божым. Ад граху — зло ў пакаранне людзям. Але ён, праклён, не помета. Яго мэта — выпраўленне чалавека праз пакору ганарыстасці і прывядзенне яго да пакаяння. Але як і тады, пасля грэхападзення, так і цяпер, праз шматлікія тысячагоддзі, чалавеку не хапае моцы прызнаць сваю грэшнасць, прыйсці ў царкву, прыпаўшы да Хрыста ў выратавальным таінстве споведзі, пакаяцца, ачысціць сэрца ад унутранага бруду, які не дае Богу кіраваць нашым жыццём. Мы ўпарта імкнёмся бачыць толькі вонкавае, тады як углыб зазірнуць не рашаемся.

Няшчасці падкошваюць нас, сеюць усярэдзіне збянтэжанасць, абыякавасць да жыцця, засмучэнне, адчай, нараканне, маладушша. Нярэдка чалавек накладвае на сябе рукі. Чаму гэта адбываецца? Што з'яўляецца таму падставай?

Гэта здараецца ад таго, што ў нас няма веры, што крыж, які даў нам Гасподзь, мы не жадаем несці. Архібіскуп Лука (Война-Ясенецкі) кажа: "...хрысціяне нясуць яго (свой крыж) пакорліва ... з гарачай любові да Хрыста, таму што розум іх і ўсе жаданні запалонены Евангельскім вучэннем". Сам Выратавальнік вучыць: "Хто не нясе крыжа свайго і не ідзе за мною, не можа быць маім вучнем" (Лк. 14,27).

Аб велічы ўзнагароды, прыгатаванай усім, хто пераносіць жыццёвыя цяжкасці з ціхім спадзяваннем на Госпада, у Святым Пісанні сказана: "Набожны чалавек, які пераносіць спакусу, таму што, быўшы выпрабаваны, ён атрымае вянок жыцця, які абяцаў Гасподзь тым, хто любіць Яго" (Іак. 1,12). Плен нашага цярпення будзе прыкметны не толькі ў будучым вечным жыцці, але ўжо тут, у нашым целе, мы зможам яго бачыць. Прыкладам таму можа служыць жыццё праведнага Іовы.

Для тых, хто мала знаёмы з яго гісторыяй, раю прачытаць адну з важных кніг, якая ўяўляе сабой узор сапраўднага хрысціянскага перанясення няшчасця. Час не будзе марна затрачаны.

Сцісла змест гэтага помніка канону кніг Старога запавету такі. Галоўны герой аповеду Іоў пазбаўляецца ўсяго, што так дорага бывае звычайнаму чалавеку — здароўя, дабрабыту, дзяцей. Але напаткаўшыя цяжкасці не зламалі Іова. Больш таго, ён знаходзіць сілы для ўслаўлення Бога. На бяссілле жонкі, якое выказалася ў словах: "Паганьбуй Бога і памры", Іоў кажа: "Ты кажаш, як адна з вар'ятак: няўжо добрае мы будзем прымаць ад Бога, а злога не будзем прымаць?" (Іоў. 2,9-10).

Які вялікі сэнс утрымліваюць гэтыя словы! Яны адлюстроўваюць усю глыбіню спадзявання, даверу Богу.
Калі б чалавек жыў заўсёды ў шчасці і матэрыяльным дастатку, без гора і пакут, то ён зусім забыўся б пра Бога, і не быў бы досыць ачышчаны і прыгатаваны для будучага жыцця. Каб не было цэлага шэрагу выпрабаванняў у нашым жыцці, мы так і не зразумелі б свайго бядотнага стану, у якім знаходзімся, не змаглі б паспрабаваць выправіцца, каб не здарылася з намі чаго-небудзь горшага.

Як малацьбіт б'е снапы, каб аддзяліць збожжа, або як садоўнік абрэзвае галіны дрэва, каб яно было больш пладавітае і цяністае, так і Гасподзь паражае чалавека няшчасцямі для яго маральнага ачышчэння, умацавання і вечнага выратавання.

За вытрымку і непахіснасць веры Іовы Гасподзь узнагароджвае пакутніка. Ён "благаславіў апошнія дні Іовы больш, чым ранейшыя..." (Іоў 42,12). Якім чынам? Чытаем далей. "...Не было на ўсёй зямлі такіх выдатных жанчын, як дочкі Іовы, і даў ім бацька іх спадчыну паміж братамі іх... і бачыў сыноў сваіх і сыноў сыноўскіх да чацвертага роду; і памёр Іоў у старасці, насычаны днямі" (Іоў 42,15-17).

Такім чынам, усе няшчасці, як удары бацькоўскай "правіцы" Усявышняга Кіраўніка міру — Бога, чалавек павінен пераносіць з любоўю, пакорліва. Больш таго, як бы цяжка і чалавечай прыродзе ненатуральна гэта было, мы павінны дзякаваць Богу, прымаючы няшчасці, бо яны нашы памагатыя і выратавальнікі, неабходныя для ачышчэння душы.

Падобна таму, як Выратавальнік зведаў цяжкія пакуты нявінна і добраахвотна, і наша крыжанашэнне павінна быць такім жа, інакш яно не будзе выратавальнае, таму што і ганебныя шмат пакутуюць (Пс. 31,10).

Але гэта для іх праведная адплата за зло. Святы апостал Павел вучыць: "Тое заўгодна Богу, калі хто, думаючы пра Бога, пераносіць жалобы, пакутуючы несправядліва. Бо што за хвала, калі вы трываеце, калі вас б'юць за правіннасці? Але, калі робячы дабро і пакутуючы, трываеце; гэта заўгодна Богу" (1 Пётр. 2,19-23).

I яшчэ. Заўсёды трэба памятаць, што ніхто і ніколі не здолеў пазбегнуць жалобы, хвароб, няшчасцяў, якія ідуць бесперапынным струменем. Таму сустрэнем іх спакойна І праводзім з любоўю. Але толькі няхай праходзяць бокам, не закранаючы нас. Нельга ўпускаць іх у сябе, у свае сэрца, хвалявацца ўнутрана, спрабаваць зразумець, адкуль яны і навошта. У адваротным выпадку яны абавязкова пакінуць брудныя сляды азмрочвання розуму і душы. Будзем заўсёды памятаць Саламонаў пярсцёнак, на якім было напісана "I гэта міне", бо шлях, па якім вы рашыліся ісці аднойчы, завершыцца і адбудзецца гэта ў Царстве Нябесным.

Напрыканцы хачу сказаць вось што. Кожны з нас называв сябе веруючым, паслядоўнікам Хрыста. Многія нават ходзяць у царкву. Але толькі дзякуючы выпрабаванням, усім нам адкрываецца, наколькі хрысціянін павінен сур'ёзна ставіцца да свайго служэння. Дзякуючы жыццёвым нягодам, пазнаецца чалавек — хрысціянін ён альбо не. I наколькі чалавек легка кажа: "Я веруючы", "Я хрысціянін", настолькі ён павінен легка (з Божай дапамогай!) пераадольваць усе перашкоды, якія руйнуюць у нашай душы давер да Божага клопату аб кожным з нас, грэшным.

I. ЗІНЧАНКА, бакалаўр багаслоўя.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/