НЯМА ВЯРШЫНЯЎ ВЫШЭЙ ЗА ЧАЛАВЕЧАЕ ІМКНЕННЕ



Традыцыйна ў нашай краіне чацвёртая нядзеля сакавіка - Дзень работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва. А сёлета УКП "Дзятлаўскі камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва" адзначае юбілей - 50 гадоў з моманту ўтварэння. На карысць насельніцтва работнікі бытавога абслугоўвання працуюць як у будні, так і ў выхадныя дні. У Дзятлаўскім доме быту працуюць не толькі людзі з вялікім працоўным стажам, але і маладыя спецыялісты, сярод якіх вось ужо на працягу пяці гадоў працуе Кацярына Бойка.

Менавіта такога жыццёвага прынцыпу прытрымліваецца Кацярына Бойка. Яна маладая, прыгожая і ўпэўненая ў сабе. Усяго 25 гадоў, а ўжо - галоўны эканаміст. Прыхільнасць да дакладных навук вызначыла яе лес яшчэ са школы. А такую пасаду дзяўчына займае не проста так, за яе плячыма - дзве адукацыі.

Скончыўшы Мінскі дзяржаўны політэхнічны каледж па спецыяльнасці "эканаміст па маркетынгу", яна паступае ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на эканаміста. У планах - яшчэ атрымаць і юрыдычную адукацыю. Быць галоўным эканамістам спачатку было няпроста. Як гаворыць сама Кацярына: "Прыходзілася і да ночы затрымлівацца на рабоце, былі і слёзы, але я вырашыла для сябе не паддавацца эмоцыям, а разважна ісці наперад".

Як адзначае галоўны эканаміст, у прафесійным развіцці важна ставіць мэты і дасягаць іх не для кагосьці, а толькі для сябе самой. Калі ёсць разуменне таго, што ты робіш, то і вынікі не прымусяць сябе доўга чакаць. Выказванне "Мая хата з краю - нічога не ведаю" - не пра Кацярыну. Як кіраўнік, яна не дазваляе сабе нават павысіць голас на калегаў, імкнецца дапамагчы чалавеку разабрацца ў пэўнай сітуацыі і заўсёды прызнае свае памылкі.

Работа адымае шмат часу, але, нягледзячы на гэта, Кацярына не праводзіць вольную хвілінку на канапе перад тэлевізарам. Яна - прыхільніца здаровага ладу жыцця. Яшчэ са школы імкнулася пабываць на ўсіх спартыўных мерапрыемствах, а цяпер з калегамі ўдзельнічае ў спаборніцтвах на турзлётах, любіць гуляць у більярд.

Акрамя актыўнага адпачынку, дзяўчына любіць вабіць час на прыродзе, а яе любімае месца на Дзятлаўшчыне - сасновы лес ля Радона. Калі не выдаецца выехаць за мяжу, яна з мужам вандруе па Беларусі, любіць даведвацца пра новыя мясціны. Ужо былі ў Нясвіжскім і Мірскім замках.

Праца - працай, але галоўны эканаміст марыць і пра звычайнае жаночае шчасце. Таму ў яе планах на будучыню - мець вялікую, дружную сям'ю, набыць уласнае жыллё, якое будзе поўніцца дзіцячымі паласамі. Пакуль жа муж і бацькі - галоўная апора ў жыцці Кацярыны. А кожны дзень яна жыве па звычайным прынцыпе: заўсёды стаўся да людзей так, як бы ты хацеў, каб яны ставіліся да цябе.

Л. СУР’ЯНІНАВА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/