Няхай жаночы дзень не канчаецца!



Няхай увагу, клопат, цеплыню жанчыны адчуваюць не толькі ў свае свята, а ва ўсе 365 дзён штогод. Няхай адчуваюць штодня моцнае мужчынскае плячо, бачаць шчаслівыя вочы дзяцей, на душы будзе спакойна, радасна, светла. Такія пажаданні пачулі ўдзельніцы святочнага "агеньчыка", які штогод праводзіцца з ініцыятывы раённага жансавета пры падтрымцы райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Па даўняй традыцыі запрашэнне на святочны "агеньчык" атрымалі шматдзетныя матулі, старанныя працаўніцы, актывісткі жаночага руху. Усіх іх на пачатку ўрачыстасці павітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Станіслававіч Бараноўскі. Ён пажадаў прысутным у зале прадстаўніцам слабога полу быць заўжды такімі вабнымі, прыгожымі, як сёння. Каб найчасцей на тварах былі ўсмешкі. Каб адчувалі любоў блізкіх і прызнаннё на працы. I каб абавязкова збылося ўсё, што жадаецца і хочацца.

Да гэтага "букета" пажаданняў далучыліся прысутныя ў зале мужчыны — намеснік старшыні райвыканкама Пётр Іванавіч Чырко, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Фёдаравіч Казак. А падтрымалі іх песеннымі і музычнымі віншаваннямі артысты-мужчыны — Сяргей Малышчык, Аляксандр Саалятэ, Сяргей Рудоль, Аляксанд Баклушын, Улад Чарняўскі і іншыя.

Кожная жанчыны атрымала пажаданні і музычныя прывітанні, кветкі і падарунак.

Прыўзняты настрой стваралі ў прысутных не толькі цудоўныя песні і музычныя творы, а і жартоўныя конкурсы, якія праводзілі вядучыя "агеньчыка", жарты, вясёлыя інтэрв'ю.

Жанчыны ахвотна расказвалі пра дзетак, захапленні, работу і адпачынак.

Вядучыя "агеньчыка" Ірына Цяцерына і Людміла Баклушына прадставілі ўдзельніц мерапрыемства, знайшоўшы для кожнай адметныя словы. А сярод прысутных, да прыкладу, былі цудоўныя матулі і старанныя працаўніцы сельскай гаспадаркі — Таіса Сямёнаўна Грынцэвіч (СВК "Хвінявічы"), Тамара Фёдараўна Жамойдзік (СВК "Вензавец"), Ганна Уладзіміраўна Мартымава (СВК "Слава працы"), Валянціна Уладзіміраўна Тудар (СВК "Граніт-Агра"), Алена Уладзіміраўна Васкабовіч (СВК "Белагурна"), Таццяна Уладзіславаўна Пачук (СВК "Дварэц-Агра"), Ала Уладзіміраўна Петушок (СВК "Войневічы"), Ала Іванаўна Мясаед (СВК "Жукоўшчына").

Прыемны сюрпрыз атрымала на "агеньчыку" Ала Іванаўна Мясаед, ветэрынарны доктар з СВК "Жукоўшчына": ёй паведамілі пра перамогу ў абласным конкурсе "Жанчына года" ў намінацыі "Адраджэнне вёскі".

Пра гэтую добрую традыцыю дзятлаўчанак — перамагаць у конкурсах і прыемную навіну Але Мясаед паведаміла старшыня раённай арганізацыі "Беларускі саюз жанчын" Галіна Мікалаеўна Чура. Яна павіншавала жанчын з самым цудоўным вясновым святам — 8 Сакавіка, выказала словы падзякі райвыканкаму, калегам па арганізацыі за падтрымку і дапамогу, пажадала жанчынам і надалей займацца карыснымі, дабрачыннымі справамі, несці людзям дабро. А ў святочны дзень старшыня жансавета пажадала дзяўчатам, матулям, бабулям святочнага настрою.

I. МІХАЙЛОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/