НОВЫЯ ТЭХНАЛОГІІ



Да адносна нядаўняга часу ўся драўніна ў ДЛГУ "Дзятлаўскі лясгас" нарыхтоўвалася ручным спосабам - працавалі з бензапіламі. Прайшло чатыры гады ад той пары, калі гаспадарка набыла першую шматаперацыйную машыну па нарыхтоўцы лесу - харвэстар. I на сёння тут ужо ўтвораны лесапункт - новае структурнае падраздзяленне, што з'яўляецца ўвасабленнем тэхнічнага прагрэсу.

У ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас" працуюць два комплексы харвэстар-фарвардар, адзін з якіх айчыннай вытворчасці, другі - замежнай.
Нарыхтоўка з дапамогай “разумнай” тэхнікі - задача дзяржаўнага ўзроўню. Калі сёлета такім чынам нарыхтоўваюць 50% усёй драўніны ў лясгасе, то на наступны год павінны давесці гэты паказчык да 75%.

За месяц адзін харвэстар нарыхтоўвае 5 тысяч кубаметраў драўніны. Неблагая тэхніка, адзначаюць у лесапункце, аднак і яна падыходзіць больш для прахадных высечак, чым для галоўных. Каб максімальна загрузіць тэхніку, на ёй па зменах працуюць тры аператары, працоўны дзень якіх роўны светлавому.

Адзін з аператараў, Ігар Сцяпура, па адукацыі электрык, што дазволіла яму пасля месячнай перакваліфікацыі без складанасцяў разабрацца з “бартавым камп'ютарам” лесанарыхтоўчай машыны. У лесапункце ён працуе паўтара года і лічыць сваю працу надзвычай цікавай. На такой складанай тэхніцы, як харвэстар, можа выканаць валку лесу, абрэзку сучча і нават задаць пэўны памер бярвенняў.

- Работа з лесам - заўжды складаная, - заўважае аператар. Аднак пакуль яму не давялося пашкадаваць аб выбары гэтай прафесіі.
Усім работнікам лясной гаспадаркі і ў свята, і на кожны дзень Ігар Сцяпура зычыць здароўя і найвялікшага цярпення.

Н. АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/