НОВЫЯ ДАСЯГНЕННІ ПЕРАПРАЦОЎЧАЙ ПРАМЫСЛОВАСЦІ



Галіновае свята -- гэта не толькі віншаванні, падарункі, узнагароды, добры настрой, але і нагода для таго, каб яшчэ раз ацаніць сваю работу, расказаць пра здабыткі працоўнага года, узгадаць, што новага і цікавага адбылося на вытворчасці за апошні час. Добрымі навінамі карэспандэнтка папрасіла падзяліцца кіраўнікоў раённых прадпрыемстваў, работа якіх звязана з перапрацоўкай прадукцыі сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў.

Валерый Яўгенавіч Гузень, дырэктар АСП "Дзятлаўскі вінна-гарэлачны завод":
-- У сакавіку 2013 года праводзіўся "Дзень якасці пладовых, вінаградных вінаў і каньякоў у гандлёвай сетцы Рэспублікі Беларусь". У сувязі з гэтым рэспубліканская камісія адразу з паліцаў магазінаў узяла шэраг пробаў алкагольнай прадукцыі розных айчынных вытворцаў. Усе узоры былі закадзіраваны і пад кодавымі нумарамі прайшлі строгі адбор па смакавых якасцях, быў зроблены аналіз на шэраг паказчыкаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Пасля падвядзення вынікаў і "расшыфроўкі" высветлілася, што другое месца па рэспубліцы за якасць і смак атрымалі два найменні віна, якія выпускае наш завод. Гэта віно палепшанай якасці і віно спецыяльнай тэхналогіі з выкарыстаннем цеплавой апрацоўкі. У складзе аднаго з іх, акрамая натуральнага соку, ёсць і сухі экстракт драўніны дуба. Такая прадукцыя карыстаецца высокім попытам у спажыўца.

Наогул, прадукцыя завода на складзе не затрымліваецца, рэалізуецца, як кажуць, "з колаў" на рынку Беларусі і за яе межамі. Нашы новыя гандлёвыя партнёры -- краіны Прыбалтыкі. Яны ахвотна бяруць і віно, і моцны алкаголь. Добрым попытам у спажыўцоў карыстаецца гарэлка ў фірменнай бутэльцы.
Паспяховым быў для нашага прадпрыемства 2013 год і ў плане нарыхтовак сыравіны. Яблыкаў нарыхтавалі каля 3,9 тысячы тон, і гэта нягледзячы на невысокую іх ураджайнасць сёлета. У дадатак 144730 літраў яблычнага соку нам паставіў Гродзенскі кансервавы камбінат. Калі ўсё перавесці на яблыкі і скласці, атрымаем 4,1 тысячы тон пладоў. Паспяховай была і нарыхтоўка так званай "каляровай прадукцыі" -- вішань, чырвоных і чорных парэчак, чорнай рабіны. Ягады мы нарыхтавалі пад пратрэбы прадпрыемства.

Іван Вінцэнтавіч Рэгіневіч, дырэктар ААТ "Боркаўскі крухмальны завод":
-- За 9 месяцаў 2013 года наш завод выканаў заданне па таварнай прадукцыі на 124%. На сёння мы нарыхтавалі 6060 тон бульбы. Выпусцілі -- 1450 тон крухмалу.

Варта зазначыць, што тэхналагічны працэс вырабу крухмалу на нашым прадпрыемстве сёлета ўскладніўся. На вытворчасці пачалі выкарыстоўваць спецыяльныя сродкі, якія дазваляюць больш глыбока правесці ачыстку крухмалу, зрабіць яго бялейшым. Цяпер наша прадукцыя па якасці даведзена да еўрастандарту і амаль ні ў чым не саступае крухмалу, вырабленаму замежнымі калегамі па галіне. Гэта дазволіла пашырыць рынкі збыту, знайсці новых гандлёвых партнёраў. Сёння боркаўскі крухмал актыўна закупляюць Расія, Казахстан, Таджыкістан. Услед за намі тэхналогію вырабу крухмалу мяняюць і іншыя беларускія вытворцы, падстройваючыся пад патрабаванні часу.

Яшчэ адна "навінка" -- еўраўпакоўка. Наогул, завод фасуе крухмал у чатыры віды ўпакоўкі: па 0,5 кг і 1 кг у папяровай упакоўцы, па 40 кг у поліпрапіленавай упакоўцы, а цяпер яшчэ і па 25 кг на палетах -- гэта спецыяльныя паддоны -- у папяровую ёўраўпакоўку.
Таксама варта сказаць, што за апошнія два гады наша прадпрыемства поўнасцю аднавіла свой аўтатрактарны парк.

Аляксандр Міхайлавіч Дубовік, дырэктар ААТ "Дзятлаўскі сыраробны завод":
-- Падарожжа жоўтага сырнага карабельчыка па прасторах нашай краіны і блізкага замежжа сёлета зноў было паспяховым. "Сырная страна" прыняла ўдзел у шэрагу конкурсаў і выставаў. Па выніках конкурсу-дэгустацыі "ГУСТ", які традыцыйна праходзіць у Мінску, наш сыр "Здзецельскі" атрымаў дыплом конкурсу з правам маркіроўкі ўпакоўкі знакам "ГУСТ".

Лаўрэатамі сёлетняга конкурсу "Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь" сталі сыры "Чыз-Лайт" 30% тлустасці, "Расійскі асаблівы" 50% тлустасці і "Галандскі брусковы" 45% тлустасці.

Сярод здабыткаў апошніх 10 месяцаў і некалькі новых гатункаў прадукцыі, распрацаваных нашымі тэхнолагамі. Гэта серыя сычужных сыроў са смакам араматычных дабавак: "Сливочный mix", "Расійскі Remix", "Галандскі Remix", "Чыз-Лайт Remix". А таксама масла "Крестьянское экстра".

Падрыхтавала да друку І. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/