НОВЫ ГОД ЦАРКОЎНАГА КАЛЕНДАРА



Навалецце, або Новы год – заўсёды чаканае свята. Але пра новы год, які адзначае царква, ведае далёка не кожны. 14 верасня пачаўся новы цыкл царкоўнага календара, а значыць – аднаўляецца гадавы Богаслужбовы круг, цыкл непераходзячых царкоўных святаў.

Па рашэнні епіскапаў першага Усяленскага сабора (Нікея, 325 год), царкоўнае навалецце было прынята адзначаць 14 верасня. Падставай стала рашаючая бітва Канстанціна, першага хрысціянскага імператара Рымскай імперыі, і Ліцынія, імператара Ўсходняй часткі Рымскай імперыі, ганіцеля хрысціян. У 323 годзе была атрымана перамога Канстанціна, якая азнаменавала сабой канчатковую перамогу хрысціянства, пачатак якой быў пакладзены Міланскім эдыктам (313 год).

Таксама гэты дзень называюць “пачаткам індыкта”. Індыкт азначае “падатак, назначэнне”. Ён быў уведзены імператарам Актавіянам Аўгустам для аблягчэння збору падатку са сваіх падначаленых і складаў 15-гадовы адрэзак часу, раздзелены на 3 часткі. Пры Канстанціне індыкт уяўляў сабой падатак на ўтрыманне салдат, якія выйшлі ў адстаўку пасля 15 гадоў службы.

У царкоўным асяроддзі паняцце “індыкт” набыло значэнне пачатку года. Аднак вядома, што гэта назва надаецца таксама і Вялікаму Індыктыёну (Пасхалии). Гэта – цыкл часу, па якім вызначаецца не толькі чысло, на якое прыходзіцца святкаванне Вялікадня (Пасхи), але выстройваецца ўвесь царкоўны каляндар.

У Евангеллі на гэты дзень сказана, што Ісус, калі прыйшоў у сінагогу горада Назарэт, прачытаў прароцтва, сказанае некалі прарокам Ісаіяй: “Дух Господень на мне; ибо Он помазал Меня… проповедовать лето Господне” (Ис. 61,1-2; Лк. 4,18-19). Пад “летом Господним” неабходна разумець час, калі па іўдзейскім законе не толькі адпускалі на волю рабоў і даравалі даўгі, нават зямля заставалася “под паром” (незасеянай). У звычайных умовах гэта выканаць нельга. Але яшчэ цяжэй вызваліцца ад улады зла, заганы, смерці. Але гэта магчыма. Калі мы жывём з Хрыстом.

І. ЗІНЧАНКА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/