НОВЫ АСАБЛІВЫ РЭЖЫМ ПАДАТКААБКЛАДАННЯ - 2014



З 1 студзеня 2014 года для арганізацый, якія аказваюць паслугі па тэхнічным абслугоўванні і рамонце аўтатранспартных сродкаў, устаноўлены новы асаблівы рэжым падаткаабкладання ў выглядзе адзінага падатку на пастаўлены ў абавязак даход.

На пытанні, якія датычацца ўплаты названага падатку, адказала начальнік аддзела падаткаабкладання юрыдычных і фізічных асобаў падатковай інспекцыі Таццяна Генадзьеўна Касцюкевіч.

Пытанне: хто абавязаны пачаць прымяненне адзінага падатку на пастаўлены ў абавязак (вменённый) даход, ці неабходна падаваць паведамленне аб пераходзе на ўплату адзінага падатку?
Адказ: прымяненне асаблівага рэжыму падаткаабкладання ў выглядзе адзінага падатку на пастаўлены ў абавязак даход пачынаецца з першага чысла месяца, у якім арганізацыяй здзяйснялася дзейнасць па аказанні паслугаў па тэхнічным абслугоўванні і (ці) рамонце аўтатранспартных сродкаў і іх кампанентаў, і спісачная колькасць работнікаў арганізацыі за які склала не больш за 15 чалавек. Прымяненне яго з’яўляецца абавязковым. Такім чынам, ніякага паведамлення падатковых органаў аб яго прымяненні не патрабуецца.

Пытанне: вызначана, што арганізацыі-плацельшчыкі адзінага падатку ў адносінах выручкі ад рэалізацыі паслугаў па абслугоўванні і рамонце не плацяць падатак на дабаўленую вартасць (далей – па руску НДС) і падатак на прыбытак. Ці захоўваецца пры дадзеным спецыяльным рэжыме падаткаабкладання агульны парадак вылічэння і ўплаты астатніх падаткаў (падатку на нерухомасць, экалагічнага падатку, зямельнага падатку, арэнднай платы за зямлю і іншых)?
Адказ: так, у адносінах паслугаў па абслугоўванні і рамонце адзіны падатак замяняе толькі НДС і падатак на прыбытак. Іншыя падаткі і зборы (пошліны) плацяцца ў агульнаўстаноўленым парадку. Пры гэтым варта адзначыць, што плацельшчыкі адзінага падатку не маюць права прымяняць спрошчаную сістэму падаткаабкладання і адзіны падатак для вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі.

Пытанне: як разлічыць суму адзінага падатку, якія формулы разліку?
Адказ: сума адзінага падатку вылічваецца як здабытак падатковай базы і стаўкі адзінага падатку ў памеры 5%. Падатковай базай адзінага падатку з’яўляецца сума пастаўленага ў абавязак даходу і перавышэнне выручкі ад рэалізацыі паслугаў па абслугоўванні і рамонце над пастаўленым у абавязак даходам. У сваю чаргу пастаўлены ў абавязак даход разлічваецца як здабытак базавай даходнасці на аднаго работнікаў у месяц і сярэдняй колькасці работнікаў арганізацыі за справаздачны месяц.

Пытанне: мясцовыя Саветы дэпутатаў могуць павялічваць (змяншаць) базавую даходнасць на аднаго работніка, і прымяняцца яна будзе з першага чысла месяца, наступнага за месяцам, у якім адпаведнае рашэнне ўступіць у сілу. Якую базавую даходнасць варта прымяняць у студзені 2014 года?
Адказ: пры вылічэнні адзінага падатку за студзень 2014 года варта прымяняць базавую даходнасць на аднаго работніка, вызначаную ў парадку, устаноўленым Падатковым кодэксам, гэта значыць, у памеры Br26 мільёнаў. Такім чынам, у арганізацыі, выручка па аказанні паслугаў па тэхнічным абслугоўванні і рамонце якой не перавысіла пастаўлены ў абавязак даход за студзень 2014 года, сума падатку на аднаго работнікаў складзе Br1,3 мільёна (Br26 млн. х 5%). У цяперашні час падрыхтавана рашэнне Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, згодна з якім памер змяншэння базавай даходнасці на аднаго работніка ў месяц для арганізацый, месцам ажыццяўлення дзейнасці якіх з'яўляецца горад Дзятлава, складзе Br1,1 мільёна.

Пытанне: калі СТА, напрыклад, у лютым 2014 года спыніла прымяненне адзінага падатку на перыяд не менш за 12 месяцаў, а з мая 2014 года зноў узновіць дзейнасць па аказанні паслугаў па абслугоўванні і рамонце, то неабходна будзе зрабіць уплату адзінага падатку за сакавік і красавік. Ці будуць прыменены штрафныя санкцыі ў гэтым выпадку?
Адказ: пры ўзнаўленні дзейнасці да сыходу 12 месяцаў абавязак вылічваць і плаціць адзіны падатак узнікае з першага чысла месяца, які непасрэдна ідзе за падатковым перыядам, у якім раней спынена дзейнасць арганізацыі па аказанні паслугаў па абслугоўванні і рамонце. Падатковым перыядам адзінага падатку на пастаўлены ў абавязак даход прызнаецца каляндарны месяц. Невыкананне або неналежнае выкананне плацельшчыкам падатковага абавязацельства з'яўляецца падставай да ўплаты адпаведных пені, а таксама для прымянення да названай асобы мераў адказнасці ў парадку і на ўмовах, устаноўленых заканадаўствам.

Пытанне: пры спыненні прымянення адзінага падатку на перыяд не менш за 12 месяцаў, напрыклад, з лютага 2014 года, ці магчымы пераход на прымяненне спрошчанай сістэмы падаткаабкладання з лютага 2014 года?
Адказ: да канца каляндарнага года, у якім прымяненне адзінага падатку спынена, арганізацыя не мае права прымяняць спрошчаную сістэму падаткаабкладання.

Пытанне: арганізацыя-плацельшчык адзінага падатку ажыццяўляе дзейнасць па аказанні паслугаў па абслугоўванні і рамонце аўтамабіляў, а таксама ажыццяўляе рознічны гандаль запчасткамі да аўтамабіляў. Ці мае права арганізацыя прымяняць спрошчаную сістэму падаткаабкладання ў адносінах рознічнага гандлю?
Адказ: пунктам 9 артыкула 325-1 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь вызначана, што плацельшчык адзінага падатку не мае права прымяняць спрошчаную сістэму падаткаабкладання. Такім чынам, у выпадку ажыццяўлення іншай дзейнасці, да прыкладу, рознічнага гандлю, такая рэалізацыя абкладваецца НДС і падаткам на прыбытак у агульнаўстаноўленым парадку.

Пытанне: ці можна плацельшчыку адзінага падатку на пастаўлены ў абавязак даход працягваць весці ўлік у кнізе ўліку даходаў і расходаў, якая выкарыстоўвалася пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання? Ці плануецца якаясьці іншая форма ўліку?
Адказ: плацельшчыкі адзінага падатку не маюць права прымяняць, у прыватнасці, падатак пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання. Такім чынам, з пачатку прымянення адзінага падатку плацельшчыкі, прымяняўшыя да гэтага спрошчаную сістэму падаткаабкладання, страчваюць права на вядзенне ўліку ў кнізе ўліку даходаў і расходаў і абавязаны весці бухглатарскі ўлік і справаздачнасць на агульных падставах. Асобных формаў уліку для такіх плацельшчыкаў не прадугледжана.

Падрыхтавала да друку І. МІХАЙЛОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/