Новая мэбля ад спонсара



Дзяцінства — гэта самы шчаслівы час, калі маленькі чалавек толькі вучыцца жыць, марыць, любіць. Выдатна, калі побач знаходзяцца клапатлівыя бацькі, мудрыя бабулі і дзядулі, якія падаюць станоўчы прыклад падрастаючаму пакаленню, прывіваюць дзецям тыя якасці, што дапамагаюць стаць годнымі людзьмі.

На жаль, у нашым грамадстве ёсць сем'і, дзе замест дабрабыту і ўзаемаразумення пануюць п'янства і галеча. I ў так званых "ненадзейных сем'ях" таксама выхоўваюцца дзеці. Калі сітуацыя становіцца крытычнай, на дапамогу маленькім грамадзянам прыходзіць сацыяльна-педагагічная служба. Пакуль гора-бацькі бяруцца за розум — наладжваюць быт, лечацца ад шкодных звычак — іх дзеці праходзяць рэабілітацыю і сацыяльную адаптацыю ў спецыялізаваных установах.

У прытулку Дзятлаўскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра, разлічаным на часовае пражыванне дзяцей з сацыяльна небяспечных сем'яў нашага раёна, сёння знаходзяцца восем непаўналетніх, якія аказаліся ў складанай жыццёвай сітуацыі па віне бацькоў. Гэта дзве дзяўчынкі і шэсць хлопчыкаў. Работнікі цэнтра стараюцца, каб за час свайго знаходжання ва ўстанове дзеці, якія не маюць дома належных умоваў пражывання, адчувалі сябе камфортна і ўтульна, навучыліся жыць у нармальных умовах. Для гэтага з імі працуюць сацыяльныя педагогі, псіхолагі і выхавальнікі.

Не менш важная роля надаецца эстэтычнаму афармленню цэнтра. Спальныя пакоі і пакоі для гульні вытрыманы ў адзіным стылі. Перавага аддаецца светлай мэблі і дыванам, яны візуальна пашыраюць прастору, што дапамагае дзецям быць больш адкрытымі, не замыкацца ў сабе. Тут шмат цацак. Пакоі аформлены па-дамашняму ўтульна — пераважаюць мяккія цёплыя фарбы.

Работнікі цэнтра стараюцца, каб непаўналетнія з ненадзейных сем'яў у прытулку адчувалі сябе, як дома, у сям'і. Тут штогод робяцца касметычныя ремонты. А сёлета ўзнікла патрэба замяніць старыя ложкі ў пакоі для дзяўчынак. Дырэктар сацыяльна-педагагіч-нага цэнтра Ала Аркадзьеўна Жэгалік звярнулася па дапамогу да спонсара, які ўжо год сябруе з прытулкам і ведае патрэбы непаўналетніх. Гэта дырэктар ТАА "Белтэрміз" Валерый Андрэевіч Манчук. На навагоднія святы ён ужо дапамагаў прытулку арганізаваць урачыстасць — прывозіў салодкія падарункі для дзяцей.

На просьбу дапамагчы з мэбляй Валерый Андрэевіч таксама адгукнуўся і набыў для СПЦ пяць прыгожых ложкаў, якія арганічна ўпісаліся ў інтэр'ер спальні для дзяўчынак. Крыху пазней спонсар набыў яшчэ і пяць новых камфортных матрацаў. Падарунак быў зроблены на суму дзесяць мільёнаў рублёў. Акрамя мэблі Валерый Манчук прывёз дзецям цукеркі. Работнікі сацыяльна-педагагічнага цэнтра і дзеці ўдзячныя спонсару за дабрыню і неабыякавасць да чужых праблем, за значную і своечасовую падтрымку. Яны спадзяюцца на далейшае супрацоўніцтва.

Скарыстаўшыся магчымасцю, словы ўдзячнасці выказала Ала Аркадзьеўна Жэгалік:
— Вялікі дзякуй за дапамогу. Валерый Андрэевіч не проста набыў нам мэблю, ён пацікавіўся, што нам патрэбна, які павінен быць колер. Дзеці чакалі яго з нецярпеннем. Цяпер у пакоі для дзяўчынак ёсць камфортныя ложкі, якія праслужаць нам доўга. Дзеці ў прытулку знаходзяцца па некалькі месяцаў, і вельмі важна, на чым яны спяць.

Таксама хачу падзякаваць нашым пастаянным сябрам, якія адгукаюцца на просьбы аб дапамозе, цікавяцца нашым жыццём. Гэта Наталля Барысаўна Барцэвіч, кіраўнік ЦБУ №407 філіяла №413 ААТ "ААБ "Беларусбанк"; Аляксандр Міхайлавіч Дубовік, дырэктар ААТ "Дзятлаўскі сыраробны завод"; айцец Мікалай, Благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі, настаяцель храма Прэабражэння Гасподня горада Дзятлава; сестры сястрынства ў гонар Ксеніі Пецярбургскай. I ўсім, хто не заставаўся раўнадушным да нашых патрэбаў.

Мы гатовы і надалей супрацоўнічаць з людзьмі і кіраўнікамі, неабыякавымі да жыцця дзяцей з ненадзейных сем'яў. Будзем рады любой дапамозе.

I. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/