НОВАЯ АРХІТЭКТУРА ДЗЯТЛАЎШЧЫНЫ: РАЗЛІК НА ПЕРСПЕКТЫВУ



Штогод раён папаўняецца новымі і абнаўляецца рэканструяванымі аб’ектамі жыллёвага і грамадскага будаўніцтва. Пра тое, якія архітэктурныя збудаванні з’явіліся ў раёне сёлета і што чакаць ад будаўнічай галіны ў наступным годзе, карэспандэнтка гутарыць з начальнікам аддзела архітэктуры Дзятлаўскага райвыканкама Аленай Латушка.

-- Алена Уладзіміраўна, ці вялося сёлета будаўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі? Якія праекты будуць ажыццяўляць у наступным годзе?
-- Сёлета завершана будаўніцтва малочнатаварнай фермы на 777 дойных кароваў у Васявічах (СВК “Дварэц-Агра”); распачата будаўніцтва аналагічнай фермы ў Хадзяўлянах (“Русь-Агра”). Ужо распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва малочнатаварнай фермы ў Хвінявічах (СВК “Хвінявічы”), будаўніцтва якой пачнецца ў наступным годзе. Уведзены ў эксплуатацыю збожжасушыльны комплекс КЗСВ-30 у Таркачах. Згодна з Пастановай Савета міністраў ад 30.12.2011 № 1798, гаспадаркі павінны самі праводзіць рэканструкцыю некаторых сваіх аб’ектаў. У гэтай сувязі на працягу года за кошт уласных сродкаў вядзецца рэканструкцыя чатырох малочнатаварных фермаў: у СВК “Жукоўшчына”, СВК “Граніт-Агра”, СВК “Слава працы” і СВК “Войневічы”. Акрамя таго, праходзіць маштабная рэканструкцыя малочнатаварнай фермы ў вёсцы Ёцавічы (СВК “Вензавец”). У планах на наступны год – будаўніцтва даільных залаў на фермах у вёсках Явар (СВК “Вензавец”), Белагурна (СВК “Белагурна”) і Краглі (СВК “Жукоўшчына”).

-- Што зроблена і што ў планах па жыллёвым будаўніцтве?
-- За 10 месяцаў гэтага года ўведзены ў экспуатацыю 2473 квадратныя метры жылля, з іх 492 квадратныя метры – у сельгаскааператывах і 1981 квадратны метр – індывідуальныя забудовы. Шэраг жыллёвых аб’ектаў сёлета дабудаваны і заселены. У сельскай мясцовасці гэта 3 аднакватэрныя жылыя дамы ў СВК “Русь-Агра” і 3 – у СВК “Жукоўшчына”, якія пабудаваны за сродкі саміх гаспадарак. “На падыходзе” – 12-кватэрны жылы дом ЖСК №15 “Брыз” па вуліцы Прытыцкага ў Дзятлаве. У наступным годзе будзе завершана будаўніцтва 60-кватэрных жылых дамоў жыллёва-будаўнічых кааператываў №12 “Усход” і №14 “Навасёл”, што па вуліцы Навагрудскай у Дзятлаве, а таксама 20-кватэрнага ЖСК “Надзея” ў гарпасёлку Казлоўшчына.

-- Сёлета ўведзены ў эксплуатацыю пасля капрамонту будынак лазні ў Наваельні, пачатковай школы – у Казлоўшчыне, добраўпарадкавана вуліца Чырвонаармейская ў Дзятлаве. Што чакаць у горадабудаўніцтве і добраўпарадкаванні ў наступным годзе?
-- Што тычыцца добраўпарадкавання, будзе працягвацца работа па рэканструкцыі вуліцы Кастрычніцкай у Дзятлаве, распачатая сёлета, ажыццяўляцца другі яе этап. Акрамя таго, у планах пракладванне каналізацыі па вуліцы Біцько ў Дзятлаве. У 2013 годзе павінны прайсці капітальны рамонт, рэканструкцыя або мадэрнізацыя некалькіх сацыяльна значных аб’ектаў у Дзятлаве і на тэрыторыі раёна. Да прыкладу, гэта мадэрнізацыя харчблока сярэдняй школы №1 у Дзятлаве, мадэрнізацыя Жукоўшчынскага дзіцячага сада-сярэдняй школы. Наколькі рэальна ажыццявіць такія маштабныя перспектывы, пакажа ход будаўнічых работ на працягу 2013 года.

-- З якімі праблемамі сутыкаецеся ў сваёй штодзённай працы?
-- Адной з праблем, якая патрабуе пастаяннага планамернага вырашэння, з’яўляецца самавольнае будаўніцтва. Часта парушэнні ў сферы прыватнага будаўніцтва высвятляюцца ў час продажу або пераафармлення жылля пры праверцы дакументаў. У гэтай сувязі яшчэ раз варта папярэдзіць жыхароў Дзятлаўскага раёна, што любое будаўніцтва (будзе гэта прыбудова да хаты, альтанка, гараж, навес ці нешта іншае) на сваім прысядзібным участку можна весці толькі пасля ўзгаднення з Дзятлаўскім райвыканкамам. Тое ж тычыцца і перапланіроўкі ўнутры кватэры або дома. Пакаранне за самавольнае будаўніцтва даволі строгае: згодна з артыкулам 21/13 Кодэкса аб адміністрацыйных працэдурах, гэта штраф у памеры ад 20 базавых велічыняў. А кансультацыю і своечасовае атрыманне дазволу на будаўніцтва можна атрымаць бясплатна, звярнуўшыся ў аддзел архітэктуры і будаўніцтва Дзятлаўскага райвыканкама (для жыхароў Дзятлава), сельскі, пасялковы выканкам (для жыхароў раёна) ці пракансультавацца па тэлефонах: 26-1-83, 21-3-23. Сёння дзятлаўчане шмат працы прыкладаюць да падтрымання ў належным стане сваіх дамоў, прысядзібных участкаў. Але, на жаль, ёсць і выключэнні з гэтай добрай традыцыі. Таму звяртаюся да жыхароў Дзятлава і нашага раёна з просьбай падтрымліваць у парадку фасады дамоў, падворкі. Бо гэта не проста ваша прыватная ўласнасць, у вачах гасцей, прыезджых гэта твар, прэзентацыя райцэнтра і ўсяго Дзятлаўскага раёна – нашай малой радзімы.

Гутарыла Н. АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/