Недахопы павінны быць ліквідаваны



Чарговы рэйд-праверка стану пажарнай бяспекі жылых дамоў праведзены раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях сумесна з рэдакцыяй раённай газеты Перамога . Рэйд прайшоў у рамках абласнога месячніка пажарнай бяспекі.

Акцэнт ставіўся на праверку дамоў, гаспадары якіх "сябруюць" з алкаголем, не цураюцца курыць у хаце, добра ведаючы, што гэта катэгарычна забаронена. Аб гэтым іх не раз папярэджвалі работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці.

Аднак, на жаль, для многіх грамадзян словы застаюцца толькі словамі, яны працягваюць ігнараваць правілы пажарнай бяспекі. Аб гэтым сведчаць раскіданыя на стале, падлозе акуркі,
парушэнні пры эксплуатацыі пячнога ацяплення і электраправодкі, адсутнасць пажарнага апавяшчальніка.

Як высветлілася, у гаспадароў дома ён ёсць, аднак не ўстаноўлены, паколькі ў домаўладальнікаў няма часу замяніць батарэйкі. Аб бестурботных адносінах да бяспекі "гавораць" і наяўнасць лёгкаўзгараемага смецця, папераў перад топкай, прыбраць якія гаспадары імкнуцца толькі тады, калі да іх заходзяць правяраючыя.

На пытанні, калі непаладкі будуць ліквідаваны, уладальнікі дома адказваюць "хутка", "заўтра" — каб толькі адчапіліся і зноў не вучылі, як трэба жыць.

Здаецца, што людзі зусім не клапоцяцца за сябе. Гэтая роля адведзена суседзям, якія хвалююцца і нават баяцца, каб чаго не здарылася. У адрозненне ад гора-гаспадароў, яны з павагай ставяцца да правілаў пажарнай бяспекі.

Па выніках рэйду ўладальнікам правераных дамоў зроблены заўвагі, яны атрымалі папярэджанні, прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. На выпраўленне недахопаў адведзены пэўны тэрмін.

А. БЯЛЕНКА, інспектар Дзятлаўскага РАНС
А. ДУБРОЎСКАЯ, карэспандэнтка газеты "Перамога"

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/