НЕБЯСПЕЧНАЯ ВАДА



У час паводкі адбываецца масавае забруджванне вады ў калодзежах. Ратуючыся ад вады, у жылыя дамы і гаспадарчыя пабудовы бягуць грызуны, іншыя дробныя жывёлы, якія з'яўляюцца разносчыкамі ўзбуджальнікаў многіх інфекцыйных хваробаў. У час паводкі і пасля яе ўзрастае рызыка заражэння людзей кішэчнымі інфекцыйнымі і паразітарнымі хваробамі.

Каб пазбегнуць іх, перад паводкай трэба правесці ўборку тэрыторыі падворка ад смецця, ачысціць выграбныя ямы, упарадкаваць месцы захоўвання сена, гною, паліва, будматэрыялаў удалечыні ад дома і гаспадарчых пабудоваў. Нельга дапускаць загрувашчанасці гаспадарчых пабудоваў, падвальных памяшканняў, кладовак непатрэбнымі тарай, мэбляй, іншымі старымі рэчамі. Варта замазаць адтуліны і шчыліны ў гаспадарчых і жылых памяшканнях, а таксама пастарацца знішчыць грызуноў.

У час паводкі трэба выкарыстоўваць толькі бутыляваную або кіпячоную воду. Ужываючы сырую гародніну і садавіну, добра прамыйце іх кіпячонай вадой, ашпарвайце кіпенем.

Пры першых прыкметах хваробы варта адразу звярнуцца да доктара.

Пасля паводкі трэба ачысціць падворак ад смецця, якое прынесла з сабой вада, правесці поўнае адкачванне і дэзінфекцыю калодзежа.
Толькі пасля лабараторнага даследавання і заключэння аб бяспецы можна выкарыстоўваць ваду для гаспадарча-бытавых патрэбаў, піцця.
Каб пазбегнуць заражэння кішэчнымі інфекцыйнымі хваробамі, трэба прытрымлівацца і асабістай гігіены -- мыць рукі з мылам пасля работы на прысядзібным участку, наведвання туалета, перад ежай. Пры рабоце на прысядзібным участку варта выкарыстоўваць сродкі для абароны рук, нельга прымаць ежу, курыць у час работы -- каб інфекцыя з забруджаных рук не трапіла ў арганізм.

Закрывайце вокны і форткі сеткай ад пранікнення ў памяшканне мух, камароў. Засыпайце на падворку дробныя лужыны са стаячай вадой: яны могуць быць месцам вывядзення камароў.

Нельга піць ваду з крыніцаў у месцах падтаплення, выкарыстоўваць для гаспадарча-бытавых мэтаў ваду натуральных вадаёмаў.

М. ДЗЯДОВІЧ, доктар-эпідэміёлаг Дзятлаўскага райЦГЭ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/