Не забытая вёска



Вёску Кулікоўшчына Дварэцкага сельскага Савета ўжо не знойдзеш на карце нашага раёна, замест колішняй вуліцы і хат стаіць толькі дуб. Але немагчыма выкрасліць успаміны аб роднай старонцы з сэрцаў былых вяскоўцаў. Яны чацвёрты год запар збіраюцца разам, каб наведаць сваю маленькую Радзіму, успомніць, як раней тут кіпела жыццё.

Сустракаюцца ў Фелікса Іосіфавіча Гайдука ў Дзятлаве, затым едуць да вялікага разгалістага дуба, які цяпер сімвалізуе іх Кулікоўшчыну. Прыемна пасядзець летам у ценю магутнага дрэва, успомніць, што раней тут стаялі 18 хат, было многа моладзі — чатырнаццаць юнакоў і тры дзяўчыны. Амаль кожны дзень ладзілі танцы, прыходзіла моладзь з суседніх Муляроў, Палубачак. Шумна і весела было ў вёсцы.

Сёння колішнія землякі жывуць у розных кутках нашага раёна і за яго межамі. У час традыцыйных сустрэч яны любяць паразмаўляць пра мінулае і надзённыя клопаты, падзяліцца меркаваннямі і проста пабыць разам. Таму і збірацца плануюць штогод, пакуль будуць жыць. Нездарма ў народзе кажуць, што няма ў свеце зямлі даражэйшай за тую, на якой нарадзіўся.

I. ЛЕАНІДАВА.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/