Не называй мяне Венерай



У новым аграгарадку Ліпаўцы пахла хвояй. На Садовай вуліцы нядаўна засялілі шмат новых дамоў. Сем’і пераважна былі маладыя, і, зразумела, што ў кожнай падрасталі дзеці. А яны як ніхто чакалі Новага года, рыхтаваліся да яго. Бацькі стараліся прыдбаць жывыя ёлкі. Напярэдадні і па раённым радыё, і ў райгазеце строга папярэ-дзілі: хто высеча ў лесе ёлачку без дазволу, павінен будзе заплаціць вялікі штраф. Так што пра гэта ведалі ўсе.

Дайшла такая навіна і да Веры Андронік, якая адна гадавала траіх дзяцей. Напярэдадні каталіцкіх Каляд яна атрымала пісьмо ад мужа Федзі, што быў у заробках недзе ў глыбінцы Расіі. Даўно там быў, настолькі даўно, што дзеці ўжо пачалі забываць, які ў іх бацька, а Вера калі і ўспамінала пра мужа, то з горыччу і болем. Не тое каб здагадвалася, а дакладна ведала, што ад тых заробкаў яна не ўбачыць ні рожак ні ножак. Адразу, як толькі паехаў, а было гэта гады два таму назад, то прыслаў крыху грошай, а потым толькі шчодрыя абяцанкі слаў.

Вера працавала даяркай на мясцовай ферме. З мінулага лета, калі работу на ферме аўтаматызавалі, то і заробкі ўзраслі. Не тое каб багата жыла яна са сваімі Віцем, Мішам і Рытай, але і не галадалі. Вера купляла малым абноўкі, і яны ха-дзілі ў школу не горш за іншых дзяцей. І дом іх новы не пуставаў, набыла сякую-такую мэблю.

—Мама, а ля пошты ўжо ёлкі навагоднія прадаюць, я сам бачыў! — прыбегшы з вуліцы адвячоркам, паведаміў старэйшы, Віця, які ха-дзіў у чацвёрты клас.
—І я таксама бачыў, — разуваючыся ў парозе і ад таго напружана сапучы, удакладніў таўстун Міша.
—А многім дзяўчынкам з нашага класа ёлкі ўжо купілі, — падтрымала размову і першакласніца Рыта.
—Будзе і ў вас ёлка, не перажывайце, — парадавала іх Вера, а сама падумала: “Не хапала мне яшчэ за нейкую ёлку плаціць, калі жывем у лесе і ёлак гэтых бяры — не хачу".
У дзяцей ужо былі зімовыя канікулы, правяраць
у іх урокі не трэба, і, павячэраўшы, Вера пачала апранацца.
—Ты куды, мама? — спытала дачушка.
—Да цёткі Зіны сха-джу. Я ёй пяць тысяч рублёў вінавата, учора ў магазіне пазычала. Заўтра мне на работу, а ў яе выхадны. Так што трэба аддаць.

Ні да якой Зіны яна ісці не збіралася, бо і грошай ёй не была вінавата. Узяўшы ў паветцы, дзе складала дровы, сякерку, загуменнямі накіравалася да недалёкага лесу. Снег яшчэ быў неглыбокі, і таму пайшла напрасткі. Мінуўшы ўтаптаную дарогу, што вяла да цэнтральнай ся-дзібы, Вера крыху ўглыбілася ў лес. Тую невялікую пушыстую ёлачку, што аблюбавала яшчэ некалькі дзён таму, яна змагла б знайсці і вобмацкам, а тут і месяц крыху падсвечваў.

Прытаптаўшы наўкола снег, некалькі разоў ударыла сякерай.

—Даруй, ёлачка, што гублю цябе. Але ж не ад злосці — дзетак сваіх парадую, што растуць без бацькі. Купіць трэба было б, але хіба ж табе лягчэй з жыццём расставацца, калі грошы плацяць? Ды і грошай тых у мяне не бог ведае колькі. Дзеткам не шкадую, а ў параўнанні са сваімі гарадскімі равесніцамі пажылой кабетай выглядаю...

Паспавядаўшыся так перад ёлачкай, яна ўзяла ў адну руку сякерку, у другую гэтую пушыстую зялёную радасць для сваіх дзетак і выбралася на дарогу. Не паспела і некалькі крокаў ступіць у напрамку вёскі, як раптам ззаду заззялі фары аўтамашыны. Яна ад нечаканасці ледзь не села на снег. Падумала, што трэба ўцякаць, але куды ты ўцячэш ад машыны. Стала і, прыжмурыўшыся ад святла, з хваляваннем і страхам чакала, што будзе далей.

Дзверы легкавіка ледзь чутна адчыніліся, і з яе выйшаў ляснік Ігар Калядзінскі. Гэта ён, крыху з’ехаўшы з дарогі, пільнаваў парубшчыкаў. Звычайная справа: чалавек выконваў сваю работу. Незвычайнае было ў тым, што Ігар не даваў Веры праходу. З таго часу, як паехаў у белы свет яе муж, хадзіў як прыклеены. Калі побач нікога не было, даваў волю рукам і словам.

—О, Венера! — з п’янаватай зухаватасцю прамовіў Ігар і, растапырыўшы рукі, пайшоў да яе.
—Не называй мяне Венерай! — са злосцю крыкнула жанчына. — Колькі разоў табе гаварыць пра гэта. Вера я, а не якая не Венера...
—Буду называць так, як захачу! — зазлаваў і Ігар. — Такую злосную парубшчыцу лесу яшчэ і пад суд аддам. Чула, нябось, што за такую работу па галаве не паглядзяць. На ўсіх скрыжаваннях паведамляюць, што самахоць лес сячы нельга, што ёлку можна купіць на спецыяльным ёлачным кірмашы. Але для некаторых гэта, бачу, не ўказ.

Ён нагроб у жменю снегу, невядома для чаго выцер твар. Вера стаяла моўчкі. Яе спавіў страх. А Ігар, памаўчаўшы, працягваў:
—То, можа, дамовімся па-добраму, Венера? Пойдзем да мяне ў машыну на хвілінку-другую, і ўся плата за ёлачку. Я нікому нічога не скажу.

Аддаляючыся ад яго, Вера ступіла з дарожкі ў лес, але, зачапіўшыся за нейкае галлё, упала ў снег. З рук выпала сякерка, адляцела ўбок маладзенькая ёлачка — навагодні падарунак дзецям.

Ляснік, радасны, што яму не будзе ніякай цяжкасці саўладаць з безабароннай жанчынай, хутка скочыў да яе:
—Мая Венера...
—Зноў кажу: не называй мяне Венерай! — крыкнула яна і, адкуль толькі сілы ўзяліся, падхапілася на ногі і моцна адштурхнула ад сябе ненавіснага насільніка. Ён з разгону ўпаў на плечы і, відаць моцна стукнуўшыся плячом аб пень, што прытаіўся пад снегам, завыў ад болю. Потым падхапіўся на ногі і, нібы малое дзіця, пачаў гушкаць правую руку.

Вера вошчупкам знайшла сякерку, падхапіла ёлачку і бягом кінулася да вёскі.
—Раз устаў, то ісці можа, не замерзне, не прападзе... — шаптала парэпанымі вуснамі. — Колькі разоў папярэджвала, каб нават блізка не падыходзіў... Кавалер з двума дзецьмі. А за ёлачку няхай карае. Заплачу штраф. Бо не трэба было секчы. І купіць магла б...

Назаўтра суседка сказала ёй, што ляснік вечарам п’яны ішоў дадому, упаў і зламаў руку.

Позвы ў суд Вера так і не дачакалася...

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/