Не даць прапіць зарплату



Што рабіць, калі муж прапівае зарплату, а за ўласны даход цяжка пракарміць дзяцей, аплаціць камунальныя паслугі? Выхад ёсць! Закон дазваляе ў судовым парадку прызнаць аматара спіртнога абмежавана дзеяздольным. У далейшым яго зарплату атрымлівае папячыцель (як правіла, жонка).

Артыкул 30 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжвае: грамадзянін, які з-за злоўжывання спіртнымі напоямі ставіць сваю сям'ю ў цяжкае матэрыяльнае становішча, можа быць абмежаваны ў дзеяздольнасці судом у парадку, устаноўленым грамадзянскім працэсуальным заканадаўствам.

Такі грамадзянін мае права самастойна здзяйсняць толькі дробныя бытавыя здзелкі. Выконваць іншыя здзелкі, атрымліваць заробак, пенсію, іншыя даходы, распараджацца імі ён можа толькі са згоды папячыцеля. Аднак ён самастойна нясе маёмасную адказнасць па здзейсненых ім здзелках і за ўчыненую ім шкоду.

Такая мера ўздзеяння дае магчымасць жонцы, маці, іншым сумесна пражываючым родным палепшыць матэрыяльнае становішча сям'і, а аматару спіртных напояў — задумацца над сваімі паводзінамі і падрахункаваць іх, бо наступная мера для яго — накіраванне ў ЛПП.

Толькі ў 2010-2011 гадах па заявах пракурора Дзятлаўскага раёна абмежаванымі ў дзеяздольнасці прызнаны 14 грамадзян. Пасля гэтага некаторыя з іх добраахвотна прайшлі курс лячэння ад алкагольнай залежнасці і цяпер не ўжываюць спіртное, а заработная плата ў выніку траціцца на патрэбы сям'і. Астатнія, хто не зрабіў для сябе высновы, знаходзяцца на лячэнні ў ЛПП.

Неабходнасць больш актыўнага прымянення абмежавання дзеяздольнасці ў злоўжываючых спіртнымі напоямі прадыктавана жыццём. Чаму сям'я павінна адчуваць матэрыяльныя цяжкасці і мець на ўтрыманні алкаголіка, пакуль ён бестурботна прапівае зарплату?

Калі ў вашай сям'і склаліся такія абставіны, вы маеце права звярнуцца ў пракуратуру Дзятлаўскага раёна па дапамогу.

I. ЗАБЕЛІНА, памочнік пракурора Дзятлаўскага раёна.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/