Названы лепшыя "пярвічкі"



Нядаўна старшыня пярвічнай жаночай арганізацыі Казлоўшчынскага пассавета Тамара Аляксандраўна Буяк вярнулася з урачыстага ўшанавання пераможцаў абласнога агляду-конкурсу на лепшую жаночую пярвічку, якое праходзіла ў Гродне.

Карэспандэнтка газеты папрасіла Тамару Аляксандраўну падзяліцца ўражаннямі. расказаць празадумкі і планы актывістак жаночага руху Казлоўшчынскага пассавета.

— Тамара Аляксандраўна, паколькі ездзілі на ўшанаванне, то, зразумела, былі з узнагародамі. Якімі?

— Наша пярвічная жаночая арганізацыя ў гэтым аглядзе-конкурсе заняла трэцяе месца, узнагароджана Ганаровай граматай прэзідыума абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз жанчын" і каштоўным падарункам. Я прывезла прыгожы сервіз. Будзе дарэчы на нашых жаночых сустрэчах.

— А саступілі каму ў конкурсе?

— Першае месца заняла жаночая арганізацыя адкрытага акцыянернага таварыства "Лакафарба" з Ліды, а другое — гродзенцы, жаночая "пярвічка" аўтапарка № 1. Сапернікі моцныя. У іх таксама шмат адметнага праводзіцца для жанчын.
Было цікава папрысутнічаць пры абмене вопытам, паслухаць іншых, расказаць пра нашы набыткі і задумкі.

— I чым адметным пахваліліся, чым зацікавілі іншых жанчын?

— Расказала пра работу нашага фітнес-клуба, які працуе пры школе. Тым больш, што здароўе жанчыны — праблема вельмі надзённая. Нездарма ж на сустрэчу з намі былі запрошаны абласныя спецыялісты-медыкі, ад якіх пачулі шмат карысных парадаў і прапановаў.
Яшчэ адно наша цікавае пачынанне — школьнае тэлебачанне. Дзеці здымаюць шмат сюжэтаў пра жанчын гарпасёлка, пра матуляў, а затым выкарыстоўваем іх на сваіх мерапрыемствах.
Цяпер рыхтуемся да свята 8 Сакавіка. Спадзяюся, што цікавыя сюжэты будуць дарэчы на сакавіцкім "агеньчыку".
Але найпершы клопат нашага жансавета — пра маральны і матэрыяльны дабрабыт дзяцей. На першым плане — работа з ненадзейнымі сем'ямі. Тое, што пяцёра дзяцей, якія былі ў сацыяльна-небяспечным становішчы, вярнуліся ў сем'і — вынік намаганняў пасялковага выканкама, жансавета, школы, саміх бацькоў, якія адумаліся, прыслухаліся да нашых парад і патрабаванняў.

— Як я зразумела, аб тым, што паехалі ў Гродна, не шкадуеце?

— Вядома ж, не! Прымалі нас у рэдакцыі газеты "Гродзенская праўда". У марозны дзень прыемна было пасядзець за кубкам кавы, пагутарыць, паслухаць выступленні лідараў жаночага руху Гродзеншчыны Марыі Біруковай, Ліліі Кашанковай. Для нас наладзілі экскурсію ў музей газеты, падарылі кнігі, свежыя нумары "Гродзенскай праўды".

А падводзячы вынікі сустрэчы-ўшанавання, пагадзіліся на тым, што агляды-конкурсы на лепшую жаночую пярвічную арганізацыю стануць традыцыйныя. Яны ў значнай ступені паспрыяюць актывізацыі жаночага руху, удзелу жанчын у жыцці сваіх калектываў, пасёлкаў, гарадоў.

I. МІХАЙЛОЎСКАЯ.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/