Навядзём парадак на могілках



Набліжаецца Вялікдзень, а за ім прыйдзе і Радуніца - Дзень памінання памерлых. У гэты дзень многія веруючыя прыйдуць на могілкі, каб ушанаваць памяць родных, сваякоў, сяброў, каб прынесці ім радасную вестку аб Уваскрэсенні Хрыстовым. Адсюль і назва свята — Радуніца.

На Светлай Сядміцы наведваць месцы пахаванняў не пажадана. Справа ў тым, што першы тыдзень пасля Вялікадня - час асаблівай радасці для ўсяго жывога на зямлі. Могілкі - гэта тое месца, якое звязана з жалобай, смуткам, слязамі. Каб не азмрочваць сябе і блізкіх у гэтыя светлыя дні цяжкімі ўспамінамі, на Светлай Сядміцы лепш наведваць царкву, рабіць справы міласэрныя ў памяць аб тых, хто пайшоў з гэтага свету.

Цікава, што ў часы ганенняў, каб перашкодзіць веруючым выконваць свае духоўныя абавязкі, адзіным днём, калі дазвалялася бываць на могілках, была Велікодная нядзеля. Цяпер, калі ўсе перашкоды ў адносінах да царквы зняты, ад традыцыі "наведваць" у Вялікдзень сваіх памерлых сваякоў варта адмовіцца.

Хачу заклікаць чытачоў газеты, ды і ўсіх жыхароў Дзятлаўшчыны, каб яны загадзя паклапаціліся аб навядзенні парадку не толькі на сваіх падворках, але і ў месцах пахавання сваякоў. Па магчымасці прыбярыце і суседнія магілы, калі яны не дагледжаны.

У Бога мёртвых няма. Кожная добрая справа, здзейсненая ў памяць аб памерлых, аблягчае іх долю. Будзем памятаць аб гэтым. Магчыма, калі нас не стане, хто-небудзь памяне і наша імя добрым словам, добрай дзеяй.

I. ЗІНЧАНКА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/