Навіны духоўнага жыцця - (29)



У ВЕНЗАЎЦЫ І РУДЗЕ ЯВАРСКАЙ – СВОЙ СВЯТАР

У Дзятлаўскім благачынні адбыліся чарговыя перамяшчэнні духавенства. У аграгарадку Вензавец і вёсцы Руда Яварская з’явіўся свой святар.
Святар Іаан Кісель згодна з указам №9 ад 26 сакавіка 2014 года, падпісаным архіепіскапам Навагрудскім і Лідскім Гурыем, накіраваны на служэнне ў храм святых апосталаў Пятра і Паўла аграгарадка Вензавец і храм святога Архістраціга Міхаіла вёскі Руда Яварская. Таксама айцу Іаану даручана ўзнаўленне храма на месцы разбуранай царквы святога вялікапакутніка Георгія Пабеданосца ў вёсцы Вялікая Воля, якое пачаў яго папярэднік іерэй Алексій Лаўнік.
Варта зазначыць, што ў іерэя Іаана Кісяля гэта не першыя храмы. У Слонімскім благачынні ён з’яўляецца настаяцелем храма святога вялікапакутніка Георгія Пабеданосца ў вёсцы Пасінічы і сумяшчае з пастырскімі абавязкамі вучобу на першым курсе Мінскай духоўнай акадэміі.
Іерэй Алексій Лаўнік, які раней служыў у храмах Вензаўца і Руды Яварскай, вызвалены ад служэння ў сельскіх храмах і прызначаны дапамагаць ажыццяўляць святарскае служэнне протаіерэю Мікалаю Пінчуку, настаяцелю храма Прэабражэння Гасподня горада Дзятлава.

ПАКЛАНІЛІСЯ ХРЫСЦІЯНСКІМ СВЯТЫНЯМ

Зняволеныя папраўчай калоніі-пасялення №26, што размяшчаецца непадалёку ад пасёлка Гезгалы, напярэдадні праваслаўнага свята Дабравесця Прасвятой Багародзіцы пакланіліся хрысціянскім святыням.
Святар Алексій Сцепановіч, які абслугоўвае храм у гонар свяшчэннапакутніка Уладзіміра Гезгальскага (Хрышчановіча) Дзятлаўскага благачыння, і протаіерэй Расціслаў Салаўёў, Благачынны цэркваў Лідскай акругі, арганізавалі для тых, хто знаходзіцца ў калоніі-пасяленні, пакланенне іконам прападобнага Алексія, чалавека Божага, і прападобнай Марыі Егіпецкай з частачкай яе святых мошчаў.
Святары адслужылі малебен святым, а пасля яго Благачынны цэркваў Лідскай акругі Расціслаў Салаўёў звярнуўся да прыхаджан храма з пропаведдзю пра пакаянне і міласэрнасць.
Сустрэча закончылася сумесным чаяпіццем святароў і пасяленцаў. У нязмушанай абстаноўцы людзі, якія адбываюць пакаранне, задалі святарам хвалюючыя іх пытанні. Жывыя стасункі са святарамі, абмен меркаваннямі, пазнавальная інфармацыя зрабілі гэты дзень для людзей, якія жывуць у калоніі-пасяленні, больш светлым і прыемным. Пасяленцы выказалі пажаданне праводзіць такія сустрэчы як мага часцей.

СВЯТАР ПАГУТАРЫЎ З БАЦЬКАМІ

У рамках Пагаднення пра супрацоўніцтва ўстановаў адукацыі і Навагрудскай епархіі прадстаўнік духавенства Дзятлаўскага благачыння, настаяцель храма святых набожных князёў Барыса і Глеба вёскі Накрышкі Алексій Сцепановіч пабыў на бацькоўскім сходзе, які прайшоў у сярэдняй школе аграгарадка Хвінявічы. На гэтую сустрэчу з бацькамі вучняў святара запрасіла кіраўніцтва школы. У сваім слове святар звярнуў увагу на духоўна-маральнае выхаванне, завастрыўшы ўвагу прысутных на ролі менавіта бацькі ў гэтым працэсе.

ПІСЬМЕННІК І ФУТБАЛІСТ ПРЫНЯЛІ МАНАСКІ ПОСТРЫГ

Ва Успенскім саборы Жыровіцкага манастыра Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Павел здзейсніў манаскі пострыг знакамітага беларускага філосафа, паэта, публіцыста і музыканта Мікалая Бембеля.
Манах Мікалай атрымаў новае імя ў гонар свяшчэннапакутніка Іаана Рыжскага, вядомага духоўнага лідара Латвійскай Праваслаўнай царквы.
Варта зазначыць, што манах Мікалай актыўна займаецца выдавецкай дзейнасцю. З-пад яго пяра выйшлі сем кніг, сярод якіх "Роднае слова" і маральна-эстэтычны прагрэс, "Рэха малітвы", "Мне не цябе шкада, а тваю маці", "Крэсіва". Таксама ён рэгулярна рыхтуе да выдання багаслоўна-літаратурны лісток "Жыровіцкая абіцель".
У гэты дзень таксама прыняў пострыг Феакціст Чайкоўскі, вядомы футбаліст, які выступаў у складзе зборнай СССР. Новае імя, якое ён атрымаў -- Паўлін, у гонар свяшчэннапакутніка архіепіскапа Паўліна Магілёўскага.
Адметна, што ўпершыню за ўсю гісторыю пострыгу ў Жыровіцкім манастыры стаўленікам вырашана было даць імёны святых, якія былі далучаны да ліку святых новапакутнікаў і прызначаны да агульнацаркоўнага шанавання ў апошнія дзесяцігоддзі.

І. ЗІНЧАНКА, бакалаўр багаслоўя

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/